Мінск 13:36

Мінабароны: На зборы ў Магілёўскай вобласці беларускія вайскоўцы азнаёміліся з узорамі РК “Іскандэр” з улікам “вопыту СВА”

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

10 лістапада, Позірк. Падчас збору каманднага складу ракетных войскаў і артылерыі Узброеных сіл на базе воінскіх часцей Асіповіцкага гарнізона (Магілёўская вобласць) вывучаны варыянты вядзення баявых дзеянняў у сучасных умовах, паведаміла 10 лістапада прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле слоў начальніка ракетных войскаў і артылерыі УС Руслана Чэхава, “дадзенае мерапрыемства” праводзіцца штогод, каб “падвесці вынікі падрыхтоўкі злучэння і воінскіх частак <…> у адыходзячым годзе і паставіць задачы на наступны навучальны год, а таксама выпрацаваць адзіны падыход па арганізацыі баявой падрыхтоўкі”.

“У ходзе практычнага этапу былі паказаныя варыянты вядзення баявых дзеянняў па вопыце спецыяльнай ваеннай аперацыі (так беларускія ўлады і афіцыйныя асобы называюць вайну ва Украіне, якую вядзе Расія пры падтрымцы Мінска. — Позірк“.). Былі разгледжаныя пытанні, пачынаючы ад размяшчэння ў раёне засяроджвання батарэі, узвода, заканчваючы аказаннем медыцынскай дапамогі ў розных зонах: зялёнай, жоўтай і чырвонай. Была нададзеная вялікая ўвага сістэме кіравання з выкарыстаннем сучасных магчымасцяў тэхнічных сродкаў і прымяненню беспілотных авіяцыйных комплексаў”, — сказаў Чэхаў.

Падчас збору, дадаў ён, вайскоўцы “азнаёміліся з ўзорамі [ракетных комплексаў] “Іскандэр” і “Паланэз”, якія паступілі на ўзбраенне”.

24 кастрычніка ў Беларусі стартавалі аператыўныя зборы каманднага складу Узброеных сіл. Як паведамляла прэс-служба Мінабароны, у іх узялі ўдзел “кіраўнікі органаў вайсковага кіравання, камандзіры і начальнікі штабоў злучэнняў і вайсковых частак і іншыя службовыя асобы”.

Міністр абароны Віктар Хрэнін адзначыў правільнасць рашэння аб правядзенні збораў “на базе гарнізонаў УС” і дадаў, што такая практыка “будзе працягнутая”.

Паводле слоў намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Дзмітрыя Бітнага, у пытаннях падрыхтоўкі беларускія вайскоўцы арыентуюцца на вопыт расійскіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны, “актуальныя тактычныя прыёмы” якой укараняюцца ў падрыхтоўку беларускага войска.

“Перш за ўсё, гэта штурм апорных пунктаў, вядзенне агню, у тым ліку з БМП, з закрытых агнявых пазіцый, навучанне індывідуальна кожнага салдата вядзенню аўтаномных баявых дзеянняў <…>”, — удакладніў Бітны.

19 кастрычніка амерыканскае медыя The Wall Street Journal паведаміла, што на адной з пляцовак Асіповіцкага раёна можа знаходзіцца расійская тактычная ядзерная зброя.

Да такой высновы журналісты прыйшлі, прааналізаваўшы спадарожнікавыя здымкі і матэрыялы беларускіх дзяржСМІ, у прыватнасці “ВаенТВ” і АНТ. Увагу аўтараў публікацыі прыцягнула адна з пляцовак у Асіповіцкім раёне, якая год таму была пакрытая лесам, а ў траўні 2023-га — расчышчаная і абнесеная падвойнай загародай. Такі ж бар’ер, як адзначалася, узведзены вакол расійскага сховішча ядзернай зброі ў Калінінградскай вобласці. Таксама ў Асіповіцкім раёне, на думку The Wall Street Journal, могуць знаходзіцца і патэнцыйныя носьбіты ядзернай зброі — аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы “Іскандэр”.

Падзяліцца: