Мінск 16:23

Ціханоўская абмеркавала з заснавальнікам “Вікіпедыі” беларускамоўны сегмент праекта

Святлана Ціханоўская і Джымі Уэйлс Фота: прэс-служба Ціханоўскай

14 лістапада, Позірк. На палях Вэб-саміту ў Лісабоне 14 лістапада беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская абмеркавала з заснавальнікам сусветнай інтэрнэт-энцыклапедыі “Вікіпедыя” (Wikipedia.оrg) Джымі Уэйлсам беларускамоўны сегмент праекта.

Як адзначае прэс-служба палітыка, Ціханоўская таксама паведаміла Уэйлсу пра палітычны пераслед аўтараў “Вікіпедыі” ў Беларусі, уключаючы былога палітвязня Марка Бернштэйна, якога прыгаварылі на 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Падкрэсліваецца, что заснавальнік “Вікіпедыі” асабіста сочыць за лёсам Бернштэйна.

На палях саміта Ціханоўская правяла яшчэ шэраг сустрэч.

У гаворцы з кіраўніком платформы Alibaba Куо Джанам яна падкрэсліла, што пасля дэмакратычных перамен Беларусь будзе адкрытая для замежных інвестыцый.

З міністрам па лічбавай дзяржаве і гендэрнай роўнасці Даніі Мары Б’ер дэмлідар абмеркавала спадтрымку беларускіх стартапаў і бізнесу за мяжой.

Акрамя гэтага, Ціханоўская правяла кароткія гутаркі з міністрам эканомікі Партугаліі Антоніу Коштам Сілвам, мэрам Лісабона Карлашам Муэдашам, гендырэктарам саміту Кэтрын Маер, генеральным менеджарам Alibaba па еўрапейскіх справах Джыджаем Шэнам.

Вэб-саміт — буйнейшы еўрапейскі тэхналачіны форум, сёлета праходзіць у Лісабоне 13–16 лістапада. Удзел бяруць каля 70 тысяч чалавек, у тым ліку прадстаўнікі беларускіх кампаній і стартапаў.

Падзяліцца: