Мінск 09:55

Галоўчанка зацвердзіў акт прыёму ў эксплуатацыю другога блока БелАЭС

Крыніца: Старонка ДП "Беларуская АЭС" у сацсетцы "УКантакце"

15 лістапада, Позірк. Акт прыёму ў эксплуатацыю другога энергаблока Беларускай АЭС зацверджаны пастановай урада № 770, якую 10 лістапада падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 15 лістапада.

Згаданы акт спецыяльная камісія на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Пятром Пархомчыкам прыняла 1 лістапада. Гэтая працэдура адзначыла завяршэнне будаўніцтва не толькі другога блока, але і ўсёй атамнай станцыі агулам.

Адметна, што ўжо 2 лістапада Аляксандр Лукашэнка ўказам № 346 ухваліў праект пратакола аб унясенні змен у міжурадавае пагадненне з Расіяй пра супрацу пры будаўніцтве БелАЭС (базавае пагадненне заключана 15 сакавіка 2011 года). Сутнасць прапанаваных карэктаванняў невядомая.

У той жа дзень урад даручыў міністру энергетыкі Віктару Каранкевічу правесці перамовы па праекце гэтага дакумента.

Беларуская АЭС узведзена паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту РФ паводле праекта ВВЭР-1200. Станцыя збудавана ў супрацоўніцтве з расійскай дзяржкарпарацыяй “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года (прамыслова эксплуатуецца з чэрвеня 2021-га), другі — з 13 траўня гэтага года.

Падзяліцца: