Мінск 10:41

Члены ўрадаў краін АДКБ 22 лістапада абмяркуюць у Мінску ваенна-палітычную абстаноўку ў зоне блока

Крыніца: сайт АДКБ

16 лістапада, Позірк. Абмяняцца думкамі пра “ваенна-палітычную абстаноўку ў зоне адказнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і сумежных рэгіёнах” запланавана 22 лістапада ў Мінску на сумесным пасяджэнні саветаў міністраў замежных спраў, абароны, а таксама камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ.

Паводле інфармацыі расійскага знешнепалітычнага ведамства, удзельнікі сустрэчы таксама абмяркуюць вынікі “шматбаковага супрацоўніцтва” ў рамках блока і “перспектывы далейшага развіцця сістэмы калектыўнай бяспекі”.

“Чакаецца, што кіраўнікамі дэлегацый будзе ўхвалены шэраг сумесных дакументаў”, — паведамляе МЗС Расіі.

Сумеснае пасяджэнне членаў урадаў краін арганізацыі пройдзе напярэдадні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. На саміт у Мінск мае намер прыбыць прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

У той жа час прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян адмовіўся ад удзелу ў гэтай сустрэчы, пра што 14 лістапада паведаміў па тэлефоне Аляксандру Лукашэнку.

На наступны дзень армянскае інфармагенцтва News.am са спасылкай на кіраўніка ўрада заявіла, што прычына адмовы крыецца ў незадаволенасці Ерэвана адсутнасцю належнага рэагавання на “выклікі бяспекі Арменіі” з боку АДКБ.

“Гэта паўтарылася некалькі разоў, — заявіў Пашынян. — Пры ўсёй павазе да ўсіх нашых партнёраў, канстатуем, што армянскай грамадскасці незразумела, чаму мы ідзём і паўтараем кожны раз адно і тое ж, не атрымліваем ніякага адказу, сыходзім, вяртаемся… Затым зноў адбываецца тое ж самае. Фундаментальная праблема заключаецца ў тым, што АДКБ дэ-юрэ па сутнасці адмаўляецца рэгістраваць сваю зону адказнасці ў Арменіі. А гэта можа азначаць, што <…> мы можам далучыцца да логікі, якая нейкім чынам паставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі і суверэнітэт. Мы не можам сабе гэтага дазволіць”.

Ён падкрэсліў, што Арменія “шукае і знаходзіць” іншых саюзнікаў па бяспецы, таму што цяперашнія партнёры, “у тым ліку з аб’ектыўных прычын, не маюць магчымасці прадаваць зброю і боепрыпасы”. “Стратэгічна мы не збіраемся абвяшчаць пра змену палітыкі, пакуль не прымем рашэнне аб выхадзе з АДКБ”, — дадаў армянскі прэм’ер.

Падзяліцца: