Мінск 05:29

Тэхсродкі, а не закрыццё мяжы з Беларуссю найбольш эфектыўныя ў барацьбе з кантрабандай — крызіс-цэнтр Літвы

Фота носіць ілюстрацыйны характар
Крыніца: Delfi / Josvydas Elinskas

21 лістапада, Позірк. У барацьбе з кантрабандай найбольш эфектыўныя тэхналагічныя сродкі, а не закрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, заявіў у эфіры радыё LRT кіраўнік Нацыянальнага цэнтра крызіснага кіравання (НЦКК) Літвы Вілмантас Віткаўскас.

“[Гэта] рэнтгенаўскія апараты, якія дапамагаюць хутка дыягнаставаць і ўбачыць, што перавозіцца, а таксама арганізацыйна-аналітычныя інструменты, калі мы можам паглядзець фактары рызыкі і прааналізаваць дынаміку перавозчыкаў і пасажыраў”, — цытуе чыноўніка партал Delfi.

Паводле слоў Віткаўскаса, кантрабанда ідзе не толькі праз кантрольна-прапускныя пункты. “Маем шмат выпадкаў выкарыстання дронаў і чаўноў [для перапраўкі грузаў], людзі нясуць і перакідваюць [кантрабанду] праз плот, — канстатаваў ён. — Тут з’ява значна шырэйшая, і само па сабе закрыццё КПП не дасць чаканага эфекту. Маюцца значна лепшыя арганізацыйныя меры, якія дапамагаюць змагацца з кантрабандай, і мы з ёй змагаемся досыць добра”.

Разам з тым кіраўнік НЦКК падкрэсліў, што кантрабанда — “сур’ёзная пагроза”, але не адзіная праблема, праз якую трэба разгледзець пытанне закрыцця мяжы з Беларуссю. “Ёсць нелегальная міграцыя, інцыдэнты на мяжы, дастаткова агрэсіўныя дзеянні супрацоўнікаў беларускага пагранкамітэта, дзейнасць спецслужбаў. Я думаю, што, калі мы кажам пра закрыццё памежных пунктаў, мы мусім казаць не толькі пра кантрабанду”, — патлумачыў ён.

Урад Літвы зараз не разглядае пытанне закрыцця дадатковых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, заявіла журналістам 16 лістапада ў сейме прэм’ер-міністр Інгрыда Шыманітэ. Аднак яна не выключыла, што ўлады могуць вярнуцца да гэтага пытання ў будучыні.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што магчымасць закрыцця пагранпераходаў разглядаецца з улікам “эканамічнай разумнасці”.

15 лістапада кіраўнік камітэта сейма Літвы па бюджэце і фінансах Міндаўгас Лінге прапанаваў закрыць кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю і Расіяй для скарачэння правозу кантрабанды. Якія пункты пропуску ён меў на ўвазе, невядома.

18 жніўня Літва закрыла пункты пропуску Шумскас і Цвярачус (з беларускага боку — Лоша і Відзы адпаведна). Пазней літоўскае МУС прапанавала закрыць яшчэ два пункты — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).

28 жніўня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі на сустрэчы ў Варшаве ўзгаднілі асноўныя крытэрыі, пры адпаведнасці якім будзе вырашана цалкам закрыць мяжу з Беларуссю: узброены інцыдэнт або інцыдэнт на мяжы адной з краін, які нясе сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы, а таксама арганізаваны масавы прарыў нелегалаў.

29 жніўня Шыманітэ заявіла, што ўрад у бліжэйшы час “не будзе закрываць дадатковыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю”, але згадала пра існаванне плана, у якім прапісана, як можна скараціць колькасць пунктаў пропуску, праз якія можна перасякаць літоўска-беларускую мяжу.

Палітык падкрэсліла, што поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю магчымае толькі ў каардынацыі з суседнімі краінамі ЕС.

1 лістапада Мытная служба Літвы заявіла пра ўзмацненне кантролю на межах з Беларуссю і Расіяй для прадухілення вывазу санкцыйных тавараў.

Падзяліцца: