Мінск 16:16

Намеснік вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека заклікала правесці расследаванне па фактах рэпрэсій у Беларусі

22 верасня, Позірк. Па фактах палітычных рэпрэсій у Беларусі неабходна правесці “хуткае, эфектыўнае, дбайнае, незалежнае, бесстаронняе і празрыстае расследаванне” з прыцягненнем да адказнасці ўсіх вінаватых, заявіла намеснік вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Нада Аль-Нашыф, выступаючы 22 верасня ў Жэневе на 54-й сесіі Савета па правах чалавека (СПЧ) Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Аль-Нашыф прадставіла на сесіі абнаўленні да вясновага дакладу па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Яна заклікала краіны-члены ААН выкарыстоўваць для расследавання “нацыянальныя працэдуры на аснове устаноўленых прынцыпаў экстэрытарыяльнай, універсальнай юрысдыкцыі”.

Паводле слоў намесніка вярхоўнага камісара, за мінулыя паўгода ўлады Беларусі зрабілі яшчэ больш жорсткім кантроль за грамадзянскай супольнасцю, а праз тры гады пасля прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца складанай і “не дэманструе ніякіх прыкмет паляпшэння”.

“Замест гэтага мы з’яўляемся сведкамі далейшага звужэння прасторы для грамадзянскай супольнасці, захавання непавагі да асноўных свабодаў, пра што сведчаць кампаніі гвалту і рэпрэсій у дачыненні да апанентаў улады”, — адзначыла прадстаўніца ААН.

Яна звярнула ўвагу на практыку “адвольных арыштаў, судовых пераследаў па сфабрыкаваных абвінавачваннях, накіраваных супраць розных слаёў грамадства, уключаючы праваабаронцаў, журналістаў, навукоўцаў, прафсаюзных і рэлігійных дзеячаў, прадстаўнікоў меншасцяў, адвакатаў і іншых асоб, якія імкнуцца ажыццявіць свае асноўныя правы”.

“Па стане на верасень 2023 года рэпрэсіі ў дачыненні да асоб, якія крытыкуюць урад, прывялі да таго, што больш за 3.750 чалавек асуджаныя па крымінальных справах”, — сказала Аль-Нашыф.

“У Беларусі 1.500 чалавек утрымліваюцца пад вартай па абвінавачваннях, якія, на думку нашага ўпраўлення, з’яўляюцца палітычна матываванымі, і я глыбока занепакоеная ўмовамі іх утрымання пад вартай”, — дадала дакладчык.

Яна таксама выказала заклапочанасць у сувязі з фактамі катаванняў у дачыненні да затрыманых, згадаўшы сярод іх “жорсткае абыходжанне, пазбаўленне сну, перапоўненасць камер, адмовы ў доступе да медыцынскай дапамогі, неаднаразовае адзіночнае зняволенне, небяспечная, эксплуататарская, абавязковая праца”.

Акрамя гэтага, паводле слоў прадстаўніцы ААН, абвінавачаныя па “палітычных” артыкулах у Беларусі падвяргаюцца “жорсткаму псіхалагічнаму гвалту, уключаючы пагрозу забойствам, згвалтаваннем”, у іх адрас паступаюць “сэксуальна-абразлівыя каментары”.

Аль-Нашыф выказала “глыбокую занепакоенасць” з нагоды выпадкаў смерці ў месцах пазбаўлення волі: “Нагадваю ўраду аб асаблівай адказнасці за бяспеку здароўя ўсіх асоб, якія знаходзяцца пад вартай, заклікаю да стараннага расследавання кожнай такой смерці, незалежна ад прычыны, каб выразна ўсталяваць факты і абставіны, і забяспечыць належную падсправаздачнасць і прыняць меры для прадухілення іх паўтарэння”.

“Змрочная сітуацыя ў краіне вымусіла эміграваць прынамсі 300.000 беларусаў з траўня 2020 года, і рэпрэсіі ўсё часцей распаўсюджваюцца за межы Беларусі, нацэльваючыся на тых, хто ўжо з’ехаў”, — падкрэсліла намесніца вярхоўнага камісара.Яна заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітвязняў.

Падзяліцца: