Мінск 21:23

“Дапушчальны гвалт” у асобных сем’ях перарос у маштабны палітычны гвалт — Гарбунова

Прадстаўніца АПК па сацпалітыцы Вольга Гарбунова
Фота: прэс-служба АПК

25 лістапада, Позірк. Беларусь мае “вялікія праблемы” з хатнім гвалтам, адзначыла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова ў заяве з нагоды пачатку кампаніі ААН “16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту” (25 лістапада — 10 снежня).

У Беларусі “амаль уся статыстыка па тэме схаваная”, канстатавала палітык, але сведчанні людзей і матэрыялы ў СМІ паказваюць, што “карціна хатняга гвалту ў краіне вельмі змянілася”. “Цяпер гэта і агнястрэльныя раненні, і падпалы жывога чалавека, аблітага бензінам, і шмат іншых жудасных здарэнняў. Нядзіўна, што звесткі пра такія выпадкі не публікуюцца ў афіцыйных крыніцах”, — цытуе яе прэс-служба АПК.

Гарбунова нагадала, што “дагэтуль няма спецыялізаванага закону аб хатнім гвалце, а нядаўнія змены ў існуючым заканадаўстве ў сферы гвалту вельмі спрэчныя”. “Напрыклад, невядома, для чаго адкрываецца доступ да фактаў гвалту для КДБ і Савета бяспекі. Магчыма, гэта інструмент для таго, каб перакручваць статыстыку, уплываць на тэндэнцыі”, — дадала палітык.

У Беларусі, звярнула яна ўвагу, ліквідаваныя недзяржаўныя арганізацыі, якія маглі аказваць дапамогу пацярпелым ад хатняга гвалту: “Нас выгналі, няма каму праводзіць асветніцкія інфармацыйныя кампаніі. Паводле слоў чыноўнікаў, “праблема не стаіць востра”.

“На жаль, частка грамадства яшчэ жыве з думкай, што ёсць “дапушчальны гвалт”, які адбываецца за зачыненымі дзвярыма ў асобных сем’ях. З цягам часу ён перарос у маштабны палітычны гвалт. А цяпер дзяржаўная машына дэманструе, што гвалт можа быць беспакараным, і правакуе з’яўленне новых жахлівых прыкладаў. Упэўненая, што гвалт у турмах і хатні гвалт — узаемазвязаныя працэсы. У нас, ва ўсяго грамадства, наперадзе комплексная праца па іх спыненні і пераадоленні наступстваў”, — падсумавала Гарбунова.

26 лістапада прадстаўніца АПК па сацпалітыцы возьме ўдзел у фестывалі супраць хатняга гвалту ў Вільнюсе, дзе выступіць з прамовай “Праблема хатняга гвалту ў аўтарытарнай дзяржаве: кейс Беларусі”.

Згаданая кампанія была распачатая ў 1991 годзе актывісткамі на адкрыцці Інстытута жаночага лідарства. Закліканая дапамагчы ў прадухіленні і выкараненні гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак.

Падзяліцца: