Мінск 13:37

“Кааліцыя не сумесная фотакартка”. З чым едзе офіс Ціханоўскай на канферэнцыю палка Каліноўскага

Анатоль Лябедзька
Фота: "Позірк"

Дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька возьме ўдзел у арганізаванай палком імя Кастуся Каліноўскага канферэнцыі прадстаўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі “Шлях да волі”. Мерапрыемства адбудзецца ў Кіеве 29 лістапада.

Яшчэ адзін пункт праграмы візіту Лябедзькі — перамовы ў Вярхоўнай Радзе.

Палітык распавёў у інтэрв’ю “Позірку”, якія тэмы плануе абмеркаваць ва ўкраінскай сталіцы.

“Стасункі офіса і палка рабочыя, з трэндам на паляпшэнне”

— Стасункі Офіса Святланы Ціханоўскай з палком Каліноўскага, на першы погляд, здаюцца няпростымі. Каму было запрашэнне на мерапрыемства — асабіста вам ці офісу?

— Я б сказаў, што гэта крыху перабольшана, нібыта стасункі з ПКК складаныя. Яны рабочыя з трэндам на паляпшэнне, разуменне адзін аднаго. Мне падаецца, што вельмі важным было пасланне, з якім прадстаўнікі палка прыехалі на жнівеньскую канферэнцыю “Новая Беларусь” у Варшаву. Яны прапанавалі там ідэю, якая мне асабіста імпануе, пра падзел накірункаў дзейнасці і адказнасці: полк адказвае за ваенны складнік, Святлана Ціханоўская — за палітычны.

Мерапрыемства ў Кіеве — ініцыятыва, ідэя і прапанова ПКК. Запрашэнне было і структурам, і персанальна.

Я буду працаваць у Вярхоўнай Радзе і потым далучуся да канферэнцыі. Калі я быў у Кіеве апошні раз, у жніўні, мы дамовіліся аб магчымасці правядзення слуханняў у камітэце па пытаннях знешняй палітыкі і міжпарламенцкага супрацоўніцтва па тэме беларусаў у прававым полі Украіны. У мяне запланавана сустрэча са старшынём камітэта (пасаду займае Аляксандр Мярэжка, віцэ-прэзідэнт Парламенцка асамблеі Савета Еўропы ў 2020—2022 гадах. — “Позірк”.), кіраўнікамі групы “За дэмакратычную Беларусь”. Мы паспрабуем выйсці на практычныя рашэнні, ці могуць адбыцца такія слуханні, калі і з якім парадкам дня. Гэта пытанне, якое закранае ўсіх беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне: і дабраахвотнікаў, і валанцёраў, і звычайных нашых суайчыннікаў.

“Будзем размаўляць пра спецпрадстаўніка па Беларусі”

— З якім меседжам ці задачамі едзеце на канференцыю “Шлях да волі”?

— У мяне няма “хатняга задання”, я буду паўтараць нейкія тэзы, якія прагаворваліся раней. Кааліцыя, аб’яднанне — гэта не сумесная фотакартка, на якой знаходзяцца ўмоўныя Ціханоўская, Пазьняк ці полк Каліноўскага. Аб’яднанне — гэта як раз накірункі дзейнасці і адказнасці. За палітычны складнік мусіць персанальна адказваць Святлана Ціханоўская, якая атрымала мандат легітымнасці ад беларусаў, за ваенны — беларускія дабраахвотнікі, у тым ліку полк Каліноўскага, за інфармацыйны — незалежныя медыя і блогеры, за салідарнасць і дапамогу — адпаведныя фонды, праваабаронцы. І апошні накірунак — праца над пазітыўнай альтэрнатывай для Новай Беларусі: напрыклад, канстытуцыйная рэформа. Я буду казаць пра гэта.

Не трэба імкнуцца пасадзіць усіх за адзін стол, бо гэта будзе штучным аб’яднаннем. Аб’яднанне вакол дзейнасці, адказнасць за пералічаныя пяць накірункаў — гэта і ёсць рэальная кааліцыя. На гэтай канферэнцыі і на ўсіх іншых мы мусім размаўляць аб тым, што мы можам па кожным з гэтых накірункаў зрабіць яшчэ лепш, больш эфектыўна. Гэта і ёсць галоўны меседж.

Натуральна, што і офіс, і Аб’яднаны пераходны кабінет, і Каардынацыйная рада, і палітычныя партыі мусяць зразумець, што каліноўцы выконваюць вельмі важную задачу — гэта будучыня Беларусі. Таму ад мяне прагучаць і словы падтрымкі.

Яшчэ мы будзем размаўляць пра ўкраінскага спецпрадстаўніка па Беларусі як частку плана, які мы мусім рэалізаваць разам.

Стратэгія па спецпрадстаўніку можа быць пакрокавай. Не выключана, што будзе ўведзена пасада спецпрадстаўніка Вярхоўнай Рады па Беларусі як прамежкавы этап. Гэта, дарэчы, адна із тэм маіх перамоваў у парламенце. Магчыма, гэта падштурхне выканаўчыя структуры ўлады да ўвядзення такой пасады. А можа, нічога і не будзе, так у палітыцы таксама здараецца. Але мы будзем працаваць у гэтым накірунку.

Фота: bel.army

“Беларускі дом павінен быць у еўрапейскім квартале”

— Арганізатары мерапрыемства ставяць мэту прыняць “агульную стратэгію”. На ваш погляд, ці ёсць у цяперашніх умовах шанец на прыняцце агульнай стратэгіі рознымі палітычнымі актарамі?

— Я не эксперт па стратэгіі, але ведаю, што гэтым займаюцца і кабінет, і офіс, і Каардынацыйная рада, зараз далучаецца полк. Гэта — праца на перспектыву. Гэта вельмі важна, але на сённяшні дзень трэба мець разуменне, што ва ўсіх нас аднолькавыя мэты і задачы. Для мяне гэта і ёсць стратэгія. Мэты і задачы, якія ў нас ёсць, — вярнуць Беларусь да дэмакратыі, зрабіць так, каб наш беларускі дом быў у еўрапейскім квартале.

Некаторыя лічаць, што стратэгію трэба прапісаць больш. Думаю, калі будзе ісці гаворка пра стратэгію, мы зафіксуем, што яна патрэбна, што ёсць пэўныя напрацоўкі. Магчыма, будзе заяўлена аб стварэнні нейкай супольнай группы, якая б магла заняцца апошнім этапам напісання стратэгіі, да чаго далучыцца і полк Каліноўскага.

***

Арганізатары канференцыі “Шлях да волі” мяркуюць, што “ваенныя поспехі Украіны сфармуюць новую архітэктуру бяспекі ў рэгіёне, у рамках якой Рэспубліка Беларусь пазбавіцца ад ваеннай прысутнасці РФ на сваёй тэрыторыі пад ціскам Украіны”. Гэта “адчыняе “вакно магчымасцяў” для трансфармацый ў Беларусі”.

У склад арганізацыйнага камітэта канферэнцыі ўваходзяць прадстаўнікі руху “Вольная Беларусь”, Аб’яднанага пераходнага кабінета, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Офіса Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, ініцыятывы “Хартыя-97”.

Падзяліцца: