Мінск 00:04

Прыпынена членства Беларускага Чырвонага Крыжа ў міжнароднай федэрацыі

Дзмітрый Шаўцоў на пасяджэнні прэзідыума БЧК 1 снежня
Фота: прэс-служба БЧК

1 снежня, Позірк. Членства Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) у Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) прыпынена з 1 снежня. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе, размешчаным на сайце арганізацыі.

Заяўляецца, што БЧК не выканаў патрабаванне міжнароднай федэрацыі ад 3 кастрычніка 2023 года вызваліць ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў дачыненні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, а таксама адзначыўся рэзананснымі заявамі аб размешчанай у Беларусі расийскай ядзернай зброі.

“Адхіленне азначае, што БЧК губляе свае правы члена МФТЧКіЧП. Любое новае фінансаванне ў дачыненні да Беларускага Чырвонага Крыжа таксама будзе прыпыненае, — адзначаецца ў паведамленні. — Акрамя таго, БЧК не зможа ўдзельнічаць у Генасамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах МФТЧКіЧП”.

Удакладняецца, што БЧК “можа быць адноўлены ў сваіх правах”, як толькі “выканае рашэнне праўлення” і адхіліць ШаўцоваШ ад пасады генеральнага сакратара.

“У выпадку бедства або сур’ёзнай надзвычайнай сітуацыі гуманітарны імператыў будзе мець пераважную сілу. Таму МФТЧКіЧП будзе ацэньваць сітуацыю сумесна з уладамі і іншымі зацікаўленымі бакамі, каб вызначыць найлепшы падыход да забеспячэння уразлівых супольнасцяў гуманітарнай дапамогай”, — падкрэслівае МФТЧКіЧП.

Беларускі Чырвоны Крыж не каментаваў рашэнне міжнароднай федэрацыі.

1 снежня БЧК з удзелам Шаўцова правёў пасяджэнне прэзідыума, на якім, як адзначаецца ў тэлеграм-канале арганізацыі, былі “разгледжаны пытанні, звязаныя зацвярджэннем плана асноўных мерапрыемстваў у 2024 годзе, фінансавага плана і каштарысу выдаткаў”.

“Як і ў папярэднія гады, Беларускі Чырвоны Крыж працягне дапамагаць пажылым адзінокім людзям, людзям з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі, людзям, якія апынуліся ў крызісных і надзвычайных сітуацыях, уцекачам і асобам, якія шукаюць прытулак, вымушаным мігрантам, няпоўным, апякунскім, прыёмным і маючым патрэбу шматдзетным сем’ям, дзецям-сіротам і ўсім тым, хто сутыкнуўся з бядой і мае патрэбу ў падтрымцы і клопаце”, — гаворыцца ў паведамленні.

3 кастрычніка Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца запатрабавала, каб Шаўцоў не пазней за 30 лістапада пакінуў пасаду генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, інакш членскія правы нацыянальнай арганізацыі будуць прыпыненыя.

Прэтэнзіі паўсталі праз ягоныя візіты ў акупаваныя РФ украінскія гарады Луганск і Данецк, заявы аб перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый і інш.

Беларускі бок не адмаўляе факту вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, заяўляючы, што гэта робіцца для іх аздараўлення і са згоды іх законных прадстаўнікоў.

11 жніўня Лукашэнка заявіў, што ўкраінскія дзеці “прыязджаюць у Беларусь па цішыню”, каб “не чуць гэтых разрываў, не бачыць гэтых смерцяў, гэтага голаду”.

“І тое, што заходнікі спрабуюць распачаць спачатку па Пуціну, цяпер па мне сітуацыю ў свеце — ледзь не да крымінальнай адказнасці прывесці — гэта проста смешна, я абсалютна за гэта не перажываю”, — сказаў ён.

20 ліпеня ў эфіры дзяржканала АНТ Шаўцоў заявіў аб магчымасці выкарыстання размешчанай у Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі.

Удакладніўшы, што ён “ні да чаго не заклікае”, генеральны сакратар БЧК сказаў: “Можа быць, варта ўсё ж такі людзям [на Захадзе] намякнуць, што мы не проста вам гаворым і папярэджваем, а мы гэта канкрэтна можам зрабіць, калі вы не супакоіцеся. Я разумею, што гэта будзе суперэскалацыя. Але рана ці позна да гэтага прыйдзе. Прыйдзецца проста даць трошкі па зубах”.

Падзяліцца: