Мінск 04:30

У сейме Літвы зарэгістраваныя папраўкі, якія абмяжоўваюць выдачу часовага ВНЖ для беларусаў

Фота: "Позірк"

4 снежня, Позірк. 

Папраўкі, якія прадугледжваюць абмежаванне выдачы беларусам часовага віда на жыхарства, зарэгістраваныя 4 снежня ў сейме Літвы, паведамляе мясцовае бізнес-выданне Verslo žinios.

Змены ў закон аб абмежавальных мерах унеслі намеснік старшыні парламента Паўлюс Саўдаргас, старшыня Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБА) Лаўрынас Кашчунас і яго калега Аўдронюс Ажубаліс.

Папраўкі прадугледжваюць, што “знешнія пастаўшчыкі паслуг за мяжой” спыняць прыём заяў на атрыманне дазволу на часовае пражыванне беларускіх грамадзян у Літве. Выключэнне прапануецца зрабіць для беларусаў, якія маюць намер працаваць па высокакваліфікаваных прафесіях.

“Ініцыятары адзначаюць, што абмежаванне будзе распаўсюджвацца толькі на першыя дазволы на часовае пражыванне, гэта значыць на тых, хто толькі прыбыў, — адзначае выданне. — Пры гэтым дзейныя работнікі, якія ўжо атрымалі дазвол на часовае пражыванне ў Літве, змогуць мяняць яго без абмежаванняў”.

Абмежаванні таксама не распаўсюджваюцца на грамадзян, якія “маюць візу Літвы ці іншай дзяржавы Шэнгенскай зоны”, а таксама на людзей, якія “ратуюцца ад пераследу і рэпрэсій з боку рэжымаў” і атрымалі візу пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных спраў.

“У дадатак да прапанаванага пастрожвання абмежаванняў расійскія і беларускія дэмакраты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці змогуць звяртацца па нацыянальную візу з гуманітарных меркаванняў праз знешняга пастаўшчыка паслуг за мяжой пры пасрэдніцтве МЗС”, — адзначана ў матэрыяле.

Закон аб абмежавальных мерах, звязаны з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцця нерухомасці і іншымі пытаннямі, быў прыняты сёлета ў красавіку. На этапе разгляду дакумент быў значна змякчаны у дачыненні да беларусаў, большасць санкцый закранула расіян.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў на закон вета і прапанаваў парламенту ўраўнаваць санкцыі для беларусаў і расіян. Сейм адхіліў вета і зацвердзіў дакумент без прапаноў кіраўніка дзяржавы. Палітык сваю пазіцыю не змяніў, але на восеньскую сесію парламента пытанне пра ўніфікацыю абмежавальных мер не вынес.

11 кастрычніка міністр унутраных спраў Агне Білатайце зарэгістравала папраўку ў закон “Аб прававым статусе замежнікаў”, якая прадугледжвае выдачу беларусам гуманітарнага віду на жыхарства не на адзін, а на тры гады. КНБА выступіў з рэкамендацыяй не прымаць яе.

Кіраўнік КНБА Літвы хоча пазбавіць новапрыбыўшых беларусаў магчымасці атрымліваць часовы ВНЖ

4 снежня, Позірк. Папраўкі да закона аб абмежавальных мерах, якія прапануюць выключыць магчымасць для новапрыбыўшых грамадзян Беларусі атрымліваць статус часовага рэзідэнта — часовы від на жыхарства, найбліжэйшым часам мае намер зарэгістраваць у сейме кіраўнік парламенцкага Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынас …
Падзяліцца: