Мінск 12:01

Улады прызналі “экстрэмісцкімі фармаваннямі” медыя Tribuna і 6TV, а таксама аб’яднанне BelPol

Будынак КДБ у Мінску (фота мае ілюстрацыйны характар)
Фота: tut.by

5 снежня, Позірк. Камітэт дзяржбяспекі 29 лістапада прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” рэгіянальнае медыя 6TV.

З абноўленага пераліку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў вынікае, што адпаведны статус нададзены групе грамадзян, “аб’яднаных ініцыятывай 6TV Bielarus і яго структурным падраздзяленнем “Магілёў Медыя” (“Навіны Магілёўскага рэгіёну”)”. Грамадзянамі, якія, на думку КДБ, маюць дачыненне да гэтага “фарміравання”, ёсць Уладзімір Лапцэвіч, Зміцер Салаўёў, Аляксандр Буракоў.

Пералічаны рэсурсы 6TV — сайты 6tv.by, mogilev.media, mogilev.news, каналы ў “Тэлеграме” і “ЮТубе”, старонкі ў “Фэйсбуку”, “Аднакласніках”, “УКантакце”, “Інстаграме”, “ЦікТоку”, X.

У той жа дзень КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” аб’яднанне сілавікоў Беларусі BelPol (утварылася ў выніку расколу ў аб’яднанні ByPol улетку 2023 года). У ліку яго ўдзельнікаў спецслужба назвала Андрэя Астаповіча, Уладзіміра Жыгара, Мацвея Купрэйчыка, Аляксандра Кабанава.

Сцвярджаецца, што яны “ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць” у інтэрнэце — праз сайты belpol.pro, каналы ў “Тэлеграме” і “ЮТубе”, старонкі ў “Фэйсбуку”, “Інстаграме”, X.

5 снежня МУС прыняло аналагічнае рашэнне па папулярным беларускім спартыўным партале Tribuna. Заяўлена, што група грамадзян, “аб’яднаных пад агульнай ініцыятывай “Tribuna.com Беларусь”, вядзе “экстрэмісцкую дзейнасць” праз сайты by.tribuna.com, bytribuna.global і шэраг люстэрак, тэлеграм-канал “Tribuna.com Беларусь”, чат “Tribuna.com Беларусь Chat” і боты @ByTribunaComBot, @tribunaby_adv_bot, старонкі ў “Інстаграме”, “Фэйсбуку”, “УКантакце”, “ЦікТоку”, Х, мабільныя дадаткі для Android і iOS.

Раней кантэнт партала быў прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Падзяліцца: