Мінск 13:59

Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні законапраект, які забараняе выкарыстоўваць няўлічаныя беспілотнікі

Фота: unsplash.com / Jason Blackeye

22 снежня, Позірк. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 22 снежня прынялі ў другім чытанні законапраект “Аб змене Паветранага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

Паводле інфармацыі прэс-службы ніжняй палаты парламента, дакумент сярод іншага ўстанаўлівае новы парадак дзяржаўнага ўліку грамадзянскіх беспілотных лятучых апаратаў (БПЛА). Эксплуатацыя няўлічаных грамадзянскіх БПЛА забараняецца. Парадак уліку, а таксама патрабаванні да эксплуатацыі апаратаў вызначыць урад.

Законапраект прадугледжвае забарону на выкарыстанне “эксперыментальнай авіяцыі для выканання паветраных перавозак”. Пералік аб’ектаў сертыфікацыі ў эксперыментальнай авіяцыі будзе ўключаць “эксперыментальныя паветраныя судны, беспілотныя авіяцыйныя комплексы, якія ўключаюць беспілотныя лятучыя апараты з максімальнай узлётнай масай сем і больш кілаграмаў, авіяцыйныя рухавікі, паветраныя шрубы”.

Дакумент дае права авіяперавозчыку “фармаваць тарыф, які не прадугледжвае норму бясплатнага правозу багажу”. Гэта зроблена для “забеспячэння канкурэнтаздольнасці нацыянальных авіяперавозчыкаў у фармаванні тарыфнай палітыкі на рынку авіяперавозак у Рэспубліцы Беларусь і па-за яе межамі”.

Законапраект таксама прапануе дапоўніць Паветраны кодэкс артыкулам, які “рэгламентуе адмову ў заключэнні дагавора паветранай перавозкі пасажыру, унесенаму ў рэестр (базу даных) асоб, паветраная перавозка якіх абмежавана перавозчыкам”.

У першым чытанні праект закону быў прыняты 11 кастрычніка. Статус закону ён атрымае пасля зацвярджэння Саветам Рэспублікі і падпісання Аляксандрам Лукашэнкам.

25 верасня Лукашэнка падпісаў указ № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятучых апаратаў”, які забараняе фізічным асобам увозіць, захоўваць, ажыццяўляць абарот, эксплуатаваць і вырабляць грамадзянскія БПЛА.

На працягу паўгода з моманту апублікавання ўказа фізічныя асобы могуць прадаць свае беспілотнікі арганізацыям, індывідуальным прадпрымальнікам або перадаць іх на захоўванне “ва ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам”.

13 снежня Беларускі Чырвоны Крыж заявіў пра гатоўнасць “прыняць ад насельніцтва ў якасці ахвяравання” БПЛА “для іх далейшай эксплуатацыі пры рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі”.

У выніку атакі БПЛА 26 лютага ў Мачулішчах (Мінскі раён) атрымаў пашкоджанні і быў адпраўлены на рамонт у РФ дарагі расійскі вайсковы самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50.

7 сакавіка, тлумачачы прычыны дыверсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах, Лукашэнка заявіў, што сістэмы СПА не змаглі выявіць дрон з выбухоўкай, бо ён быў “маленькі”.

Падзяліцца: