Мінск 19:21

У Расіі затрымалі кантрабандныя беларускія цыгарэты на 870 тыс. долараў

Фота: pixabay.com

25 снежня, Позірк. У Пскоўскай вобласці затрыманыя кантрабандныя беларускія цыгарэты на суму 80 млн расійскіх рублёў (каля 870 тыс. долараў), паведаміла 25 снежня прэс-служба Федэральнай мытнай службы РФ.

Месца для захоўвання і збыту было абсталявана грамадзянінам Расіі ў Вялікалуцкім раёне, “мытнікі накрылі чарговую разгрузку — тры пазадарожнікі і тры мікрааўтобусы былі забітыя скрынкамі з беларускімі цыгарэтамі “Карона”, “Фэст”, NZ”, заявілі ў ведамстве.

Удакладняецца, што “ў складскіх памяшканнях аператыўнікі таксама знайшлі больш за 1,4 тыс. каробак з тытунёвай прадукцыяй, падрыхтаванай да аптовага продажу”.

“Тытунёвыя вырабы канфіскаваныя. Правапарушальнікі будуць прыцягнутыя да адказнасці”, — заявілі ў мытнай службе.

Мытнікі сумежных краін рэгулярна выяўляюць вялікія партыі кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасці.

8 снежня ў Літве цягам дня былі затрыманыя беларускія цыгарэты на суму 1.111 тыс. еўра. Інцыдэнты адбыліся ў пункце пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку — Беняконі).

Спачатку ў тайніку грузавіка, які па дакументах накіроўваўся ў Нідэрланды, выявілі каля 400 каробак кантрабандных беларускіх цыгарэт “Мінск Суперслім”, “NZ Gold”, “Queen Menthol” на суму прыкладна 916 тыс. еўра, а затым у іншым грузавіку — 92 скрынкі на суму 195 тыс. еўра.

На пасяджэнні Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны сейма Літвы 26 красавіка намеснік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Антанас Мантвідас заявіў, што аб’ём нелегальных цыгарэт з Беларусі не змяншаецца, нягледзячы на рэкордную колькасць перахопленай у 2022 годзе кантрабанды.

Паводле яго слоў, гэта абумоўлена як тым, што “кантрабанда цыгарэт падтрымліваецца беларускім рэжымам”, так і “высокім попытам на іх у Еўропе”.

Падзяліцца: