Мінск 15:58

Латушка заявіў аб штучным паходжанні “праблемы літвінізму”, якая выгадна Расіі

Вільнюс Фота: pixabay.com

28 снежня, Позірк. Праблема “літвінізму” мае штучнае паходжанне, распальванне канфлікту паміж беларусамі і літоўцамі выгадна толькі для Расіі. Такую думку выказаў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Латушка адзначыў, што “ужо некалькі месяцаў запар у літоўска-беларускай інфапрасторы абмяркоўваецца тэма літвінізму”. 

“Дайшло нават да таго, што асобныя палітыкі сталі казаць, што літвінізм — гэта ідэалогія, якой прытрымліваюцца беларускія эмігранты і нібыта гэта з’яўляецца пагрозай для суверэнітэту Літвы і ледзь не перадумовай да з’яўлення тэрытарыяльных прэтэнзій з боку беларусаў”, — сказаў палітык.

Кіраўнік НАУ адзначыў, што такія заявы “гучаць сур’езна”, асабліва “на фоне наяўнасці дыскусіі ўнутры літоўскіх уладаў наконт магчымасці ўраўноўвання абмежаванняў для беларусаў і расіян”.  

Літва, паводле словаў Латушкі, — адзін з найбліжэйшых і найбольш актыўных саюзнікаў дэмакратычнай Беларусі, якая дала прытулак тысячам беларусаў на чале са Святланай Ціханоўскай. Разам з тым Літва — “адзін з галоўных драйвераў пашырэння ціску на рэжым Лукашэнкі, які, у сваю чаргу, з’яўляецца найбліжэйшым саюзнікам Расіі”, адзначыў Латушка.

Латушка нагадаў, як на пачатку вайны распальваўся канфлікт паміж беларусамі і ўкраінцамі, а “праблема літвінізму” “дзіўным чынам супала” з “расійскай агрэсіяй у Еўропе”.

“Нельга дазволіць нас падзяліць, нельга дазволіць агрэсару разбурыць салідарнасць паміж народамі”, — падкрэсліў прадстаўнік АПК. Латушка дадаў, што РФ з’яўляецца “вядомым гульцом на полі выкарыстання” невырашаных праблемаў і супярэчнасцяў, “якія цягнуцца паміж рознымі грамадствамі шмат гадоў”, каб выкарыстоўваць гэта ў сваіх мэтах.

Паводле слоў Латушкі, Расія з дапамогай медыйных інструментаў “штучна стварае ілюзію, нібыта беларусы лічаць сучасную Літву следствам фальсіфікацыі гісторыі і маюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Літвы”.

“Гэтая кампанія накіраваная супраць палітычна актыўных беларусаў з мэтай стварыць для іх невыносныя ўмовы існавання ў краіне ⟨…⟩, стварыць праблемы для беларусаў у эміграцыі, каб яны не маглі аб’ядноўвацца ⟨…⟩, каб беларусам было складана захоўваць і трансляваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць”, — мяркуе Латушка.

Палітык падкрэсліў, што калі “Расія здолее штучна зрабіць з беларусаў “пагрозу ў Літве”, разбурыць салідарнасць, і справакаваць нешта зваротнае, агрэсіўнае, палітычна актыўныя, свядомыя беларусы будуць вымушаны пакінуць Літву, раз’ехацца па іншых краінах і будуць у меншай ступені здольнымі аб’яднаць свае высілкі”.

“Канчатковая мэта Расіі — разбурыць натуральныя добрасуседскія зносіны паміж Беларуссю і Літвой”, — упэўнены Латушка. Ён заклікаў беларусаў “не ўключацца ў канфлікты вакол гісторыі ВКЛ”, звярнуўшыся да літоўцаў, ён падкрэсліў, што “існуе толькі адна краіна, якая не паважае ваш суверэнітэт і мае да вас тэрытарыяльныя прэтэнзіі”, і гэтая краіна — не Беларусь, а Расія.

Гл. таксама:

Літоўскі і беларускі нацыянальныя наратывы не схільныя бачыць адзін аднаго, гэта трэба вырашаць — гісторык Паташэнка

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: “Літвінізм” не ўяўляе рэальнай пагрозы суверэнітэту краіны

Ціханоўская: Праблема “літвінізму” створана штучна, пераважная большасць беларусаў увогуле не чула пра гэта

Падзяліцца: