Мінск 08:20

Ціханоўская назвала “абразай чалавечнасці” ранішні ракетны ўдар Расіі па ўкраінскіх гарадах

Наступствы паветранага ўдару па Адэсе, 29 снежня 2023 года
Фота: тэлеграм-канал кіраўніка Адэскай ОВА Алега Кіпера

29 снежня, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская асудзіла масіраваны ракетны ўдар Расіі па ўкраінскіх гарадах раніцай 29 снежня.

“Мае думкі з адважным народам Украіны, — напісала палітык на сваёй старонцы ў Х. — Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы Украіне выйграць гэтую вайну і спыніць расійскую тэрарыстычную агрэсію. Гэтыя злачынствы не будуць забытыя”.

“Па меры таго як з’яўляюцца ўсё новыя падрабязнасці ранішняй расійскай атакі, цэллю якой сталі прыватныя дамы, гандлёвы цэнтр і нават радзільнае аддзяленне, я магу назваць гэтую агрэсію толькі абразай чалавечнасці. Я ад усёй душы спачуваю ахвярам і іх сем’ям. Мы непахісна салідарныя з Украінай”, — дадала Ціханоўская.

Паводле даных агенцтва “Укрінфарм”, раніцай 29 снежня РФ здзейсніла адзін з самых масіраваных паветраных нападаў. Украінскія войскі знішчылі 27 дронаў-камікадзэ і 87 крылатых ракет.

У Дняпры загінула 5 чалавек, Запарожжы — 4, Кіеве, Адэсе і Харкаве — па 3, Львове — 1, ва ўсіх гэтых гарадах дзясяткі пацярпелых.

Падзяліцца: