Мінск 21:43

У Мінскім гарадскім судзе пройдзе працэс над фотажурналістам і відэааператарам Аляксандрам Зянковым

3 студзеня, Позірк. У Мінскім гарадскім судзе 12 студзеня пачнецца працэс над фотажурналістам і відэааператарам Аляксандрам Зянковым.

Інфармацыя аб гэтым з’явілася на сайце Вярхоўнага суда. Зянкоў абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 3611 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел ў ім). Прадугледжанае пакаранне — абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў са штрафам або без штрафу.

Жыхар Барысава Зянкоў супрацоўнічаў з недзяржаўнымі СМІ, у тым ліку з мясцовым сайтам ex-Press.by (цяпер ex-press.live), кантэнт якога двойчы прызнаваўся “экстрэмісцкімі матэрыяламі” (у кастрычніку 2021 года і лютым 2023-га), а рэдакцыя сайта — “экстрэмісцкім фармаваннем” (у лістападзе 2023-га).

Аб затрыманні журналіста нідзе не паведамлялася, ён не ўваходзіць у спісы рэпрэсаваных супрацоўнікаў СМІ, не прызнаны палітвязнем. Ускоснай прыкметай пазбаўлення Зянкова свабоды стала поўнае спыненне актыўнасці ў “Фэйсбуку” пасля 21 чэрвеня 2023 года: да гэтага ён практычна кожны дзень публікаваў пасты, у асноўным фатаграфіі з’яў прыроды з кароткімі тлумачэннямі.

Адна з крыніц, знаёмая з сітуацыяй, пацвердзіла “Позірку” ўтрыманне Зянкова ў няволі.

У 2011 і 2019 гадах журналіста затрымлівалі падчас выканання прафесійных абавязкаў.

У спісе рэпрэсаваных супрацоўнікаў СМІ, які вядзе Беларуская асацыяцыя журналістаў, 31 прозвішча.

Падзяліцца: