Мінск 04:26

Еўрапейская камісія заклікала Google і іншыя тэхналагічныя кампаніі дапамагчы незалежным беларускім СМІ

Фота: pixabay.com

8 студзеня, Позірк. Еўрапейская камісія заклікала Google і іншыя буйныя тэхналагічныя кампаніі дапамагчы незалежным беларускім СМІ, “прасоўваючы іх матэрыялы вышэй, чым публікацыі прарэжымных выданняў”, паведамляе The Financial Times.

Адзначаецца, што беларускія журналісты ў выгнанні паскардзіліся камісіі, што публікацыі з крытыкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, не даходзяць да мэтавай аўдыторыі: пашукавікі ў верхніх радках навін выдаюць матэрыялы дзяржСМІ.

“Барацьба з дэзінфармацыяй і садзейнічанне свабодзе медыя — два бакі аднаго медаля, і мы хочам, каб “вялікія тэхналогіі” рабілі і тое, і іншае”, — цытуе The Financial Times віцэ-прэзідэнта Еўрапейскай камісіі Веру Ёўраву. — Гэта азначае забеспячэнне бачнасці дакладнай інфармацыі ў сетцы, а не прапаганды Мінска ці Крамля”.

Выданне згадвае, што Google News недаступны на беларускай мове, што абмяжоўвае магчымасці чытачоў краіны знайсці інфармацыю ў інтэрнэце.

У публікацыі таксама цытуецца прадстаўніца беларускага “Прэс-клуба” Наталля Белікава, якая адзначыла, што заходнія тэхналагічныя кампаніі, такія як Google і Meta, “сталі інструментам таталітарнага і аўтарытарнага рэжыму для ціску на грамадзянскую супольнасць замест таго, каб спрыяць развіццю незалежных СМІ”.

Літоўскі еўрадэпутат Юозас Алекас, які ўзначальвае дэлегацыю Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, заявіў, што дагэтуль “вялікія тэхналогіі не праявілі жадання або цікавасці да развязання гэтай праблемы”.

Ён адзначыў, што забароненыя ў Беларусі СМІ разглядаюцца алгарытмамі Google як “непрацуючая спасылка” і паніжаюцца ў выніках пошуку. “Праз некаторы час усе незалежныя медыя-каналы аказваюцца на самым задворках навінавых стужак”, — адзначыў Алекас, у той час як “у топе навін дамінуюць СМІ Лукашэнка і расійскія медыя-каналы”.

Ёўрава выказала свае асцярогі з нагоды сітуацыі з беларускімі СМІ кампаніям Мета і Google.

Мета не адказала на просьбу аб каментары, а прадстаўнік Google канстатаваў, што пошук “заўсёды можа быць лепшым”, падкрэсліўшы, што “сотні фактараў вызначаюць, якія вынікі будуць паказаны”.

У лютым 2023 беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сустракалася з віцэ-прэзідэнтам YouTube па сувязях з дзяржаўнымі органамі Леслі Мілер і віцэ-прэзідэнтам Google па дзяржаўнай палітыцы і сувязях з дзяржаўнымі органамі Анет Кробер-Рыэль. Ціханоўская падзялілася цяжкасцямі, з якімі сутыкаюцца беларускія журналісты пры выкарыстанні сэрвісаў Google і YouTube, і прапанавала спосабы вырашэння праблемы выкарыстання беларускай мовы ў прадуктах Google і YouTube.

У верасні 2022 года ў Нью-Ёрку падчас Генасамблеі ААН Ціханоўская таксама сустракалася з мэнэджарамі Google, Meta і Microsoft. Палітык папрасіла кампаніі прысвяціць больш увагі беларускаму рынку.

Раней кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец звяртаў увагу, што такія глабальныя карпарацыі, як Google, вызначаюць заблакаваныя ў Беларусі сайты незалежных медыя і паніжаюць іх прыярытэт пры выдачы ў пошукавых запытах.

Падзяліцца: