Мінск 11:44

МЗС рэкамендуе беларускім грамадзянам не наведваць Эквадор

Захоп закладнікаў у студыі эквадорскага тэлеканала TC
Крыніца: tctelevision.com

10 студзеня, Позірк. У сувязі з “пагаршэннем крымінагеннай абстаноўкі” і абвяшчэннем уладамі Эквадора надзвычайнага становішча МЗС Беларусі выступіла з настойлівай рэкамендацыяй устрымацца ад наведвання гэтай краіны да ўрэгулявання сітуацыі.

У паведамленні знешнепалітычнага ведамства адзначаецца, што грамадзянам Беларусі, якія цяпер знаходзяцца ў Эквадоры, трэба “няўхільна прытрымлівацца рэкамендацый” мясцовых уладаў. Пры неабходнасці беларусы могуць звярнуцца ў бліжэйшую амбасаду краіны — у Калумбіі.

8 студзеня ў некалькіх эквадорскіх турмах адбыліся беспарадкі, зняволеныя ўзялі ў закладнікі ахоўнікаў. Здзейсніў уцёкі лідар групоўкі “Лос Чанэрас” Адольфа Масіяс.

У сувязі з тым, што адбылося, прэзідэнт Эквадора Даніэль Набоа ўвёў 60-дзённы рэжым надзвычайнай сітуацыі, каб прыцягнуць узброеныя сілы да аднаўлення кантролю над пенітэнцыярнай сістэмай.

Рашэнне кіраўніка дзяржавы справакавала хвалю беспарадкаў — злачынцы пачалі паліць аўтамабілі і аўтобусы, у самым густанаселеным горадзе краіны Гуаякілі былі падарваныя самаробныя бомбы. Паводле звестак паліцыі, менш як за суткі ў сталіцы краіны Кіта і паўднёва-заходнім горадзе Мачала выкралі сем праваахоўнікаў.

9 студзеня ўзброеныя людзі ў масках уварваліся ў студыю тэлеканала ТС у Гуаякілі і ўзялі ў закладнікі вядоўцаў. Усё гэта транслявалася ў жывым эфіры. Пасля 13 захопнікаў арыштавалі, закладнікі не пацярпелі.

Падзяліцца: