Мінск 02:22

У Польшчы затрыманыя беларусы, якія займаліся перавозкай нелегальных мігрантаў

Фота: Памежная ахова Польшчы

12 студзеня, Позірк. Супрацоўнікі Памежнай аховы Польшчы ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі пракуратуры затрымалі членаў злачыннай групы, якая займалася арганізацыяй нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі, паведаміла 12 студзеня прэс-служба польскага памежнага ведамства.

Адзначаецца, што ўсяго ў рамках справы затрымана 23 чалавекі, уключаючы лідараў групоўкі і кіроўцаў. Сярод затрыманых — грамадзяне Польшчы, Беларусі і Украіны, якія знаходзіліся на польскай тэрыторыі.

Групай была арганізавана нелегальная міграцыя па двух маршрутах: “беларускаму” і “балканскаму”. У першым выпадку мігранты з краін паходжання дабіраліся самалётам да Расіі ці наўпрост у Беларусь, адкуль іх перапраўлялі да польска-беларускай мяжы, якую яны затым нелегальна перасякалі пешшу па-за памежнымі пераходамі. На польскім баку іх падбіралі ўдзельнікі злачыннай групы і затым перавозілі ў краіны Заходняй Еўропы, удакладняецца ў паведамленні.

Па “балканскім маршруце” канал нелегальнай міграцыі пралягаў з краін паходжання мігрантаў у Еўропу па моры, затым па сушы ў Польшчу і пасля ў краіны Заходняй Еўропы.

Затрыманым прад’яўленыя абвінавачванні ў рамках адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Польшчы, восем чалавек узятыя пад варту.

У 2023 годзе ў Польшчы прадухіленая 25.571 спроба нелегальнага пранікнення ў краіну з тэрыторыі Беларусі, у 2022 годзе — 15.655.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся вясной 2021 года.

Падзяліцца: