Мінск 21:25

Саўладальніца KYKY: Медыяпраект на працягу студзеня пачне працу ў новым фармаце

16 студзеня, Позірк. Медыяпраект KYKY на працягу студзеня паступова “без асаблівых паўзаў” пачне працу ў новым фармаце, паведаміла “Позірку” яго саўладальніца Саша Раманава.

Паводле яе слоў, праект захаваецца, перайшоўшы на платформы, якія “камандзе будзе прасцей і танней падтрымліваць, а чытачам лягчэй чытаць”.

“Я не раскрою сакрэту, калі скажу, што сайты, заблакаваныя рэжымам на тэрыторыі Беларусі, моцна страцілі ў ахопах. KYKY не выключэнне. Мы заўсёды былі пра эксперымент, смеласць і свежыя ідэі, якія станавіліся прарыўнымі і віральнымі, цешылі чытача, гледача, слухача і павялічвалі аўдыторыю. Сайт перастаў быць такой пляцоўкай з-за блакіроўкі і ў цэлым з-за глабальных трэндаў у медыяспажыванні. Да канцэпцыі яркасці, смеласці і таго, што не робяць іншыя СМІ, мы і жадаем вярнуцца з новай камандай. Мы ідзем туды, дзе ёсць чытач і дзе яго прасцей далучаць”, — сказала Раманава.

Каманда плануе выкарыстоўваць для медыя пляцоўку падпісак Patreon: “У нас ужо ёсць там касцяк аўдыторыі, якая з’яўляецца класнай, спагаднай і нават гатовая нас падтрымаць”.

Таксама KYKY будзе працаваць у сацыяльных сетках, каб “павялічыць наяўную аўдыторыю і прыцягнуць новую”.

У звароце да чытачоў рэдакцыя KYKY 14 студзеня паведаміла ў “Інстаграме”, што праект, як і іншыя СМІ, закрануў “крызіс фінансавання ў незалежных беларускіх медыях”. З-за гэтага прынята рашэнне “развітацца з часткай каманды”. Як мінімум праект пакінуць чатыры чалавекі, у тым ліку Віктар Малішэўскі, які на працягу апошняга года быў галоўным рэдактарам медыя.

KYKY пазіцыянуе сябе як “разумны лайфстайл-часопіс”, выходзіць з 2010 года. Сайт і сацсеткі KYKY.ORG у снежні 2022 года прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Выдавец Kyky.org і The Village Аляксандр Васілевіч быў затрыманы 28 жніўня 2020 года. 4 лютага 2022-га суд Савецкага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у нявыплаце падаткаў (арт. 243 КК) і прыгаварыў да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Васілевіча вызвалілі ў залі суда, паколькі “скончыўся тэрмін прыцягнення да адказнасці”. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

10 кастрычніка 2020 года Васілевіч удзельнічаў у сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, які прыехаў у СІЗА КДБ. Васілевіч пакінуў Беларусь летам 2022 года.

The Village Беларусь у чэрвені спыніў працу летам 2023 года. 12 снежня 2022 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі” сайт The Village і ўсе яго старонкі ў сацсетках.

У апошні час з’яўляецца інфармацыя аб фінансавых цяжкасцях беларускіх незалежных СМІ ў выгнанні.

У снежні мінулага года па фінансавую падтрымку да чытачоў звярнулася рэдакцыя партала Reform.by. За двое сутак пасля абвяшчэння збору медыя атрымала больш за 17 тыс. еўра ад 280 ахвяравальнікаў, у тым ліку 10 тыс. — ад аднаго чалавека. Галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка ў каментары “Позірку” выказаў меркаванне, што спецыфічны падыход еўрапейскіх донараў да пытання падтрымкі СМІ можа прывесці да знішчэння незалежных беларускіх медыя, якія вымушаныя працаваць за межамі краіны.

9 студзеня медыя Plan B. — аўтарскае медыя, якое ў чэрвені 2023 года заснавала былая палітзняволеная, экс-рэдактар разгромленага ўладамі партала tut.by Вольга Лойка — таксама звярнулася да чытачоў з просьбай аб фінансавай падтрымцы.

Падзяліцца: