Мінск 11:02

Спявачка Мерыем Герасіменка пакінула Беларусь, яна была рэпрэсаваная за ўкраінскую песню (дапоўнена)

Фота: "Онлайнер"

16 студзеня, Позірк. Спявачка Мерыем Герасіменка пакінула Беларусь і знаходзіцца ў бяспецы, паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік Фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак.

“Калі б у мяне спыталі: “Што для цябе шчасце?”, я б з упэўненасцю сказала — свабода! Свабода перамяшчэння, свабода думак, свабода займацца тым, што любіш і чым гарыш. Свабода — гэта самае галоўнае для мяне. Сёння я прачнулася шчаслівай…” — напісала артыстка на сваёй старонцы ў “Інстаграме”.

Яна падзякавала “найлепшай камандзе” фонду BySol за “каласальную дапамогу” ў выездзе з Беларусі.

“Я працягваю свой яркі шлях”, — напісала спявачка.

20 студзеня 2023 года Герасіменка была прыгавораная да трох гадоў абмежавання волі па месцы жыхарства. Рашэнне вынес суд Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя Вікторыя Шабуня).

Спявачку абвінавацілі ў грубым парушэнні парадку (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

3 жніўня 2022 года на тэрасе бара “Банкі-бутэлькі” на мінскай вуліцы Зыбіцкай прайшоў канцэрт Герасіменка, падчас якога яна сярод іншых выконвала песні ўкраінскага гурта “Акіян Эльзы”. Пасля гледачы размясцілі ў сацсетках відэазапісы з канцэрту са стыкерамі ў колерах украінскага сцяга.

Пасля гэтага спявачка перастала з’яўляцца ў сацсетках, на званкі ў яе студыю вакалу ніхто не адказваў.

5 жніўня ў праўладных тэлеграм-каналах з’явіліся паведамленні, што Герасіменка затрыманая за ахвяраванне на турэцкі дрон “Байрактар” для Украіны. Сцвярджалася, што спявачка, якая доўгі час знаходзілася пад наглядам сілавікоў, частку даходаў, атрыманых ад сваёй дзейнасці, нібыта адпраўляла на патрэбы Украіны і брала ўдзел у “масавых беспарадках”.

Пасля затрымання Герасіменку двойчы запар арыштавалі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула. Пазней гэтага яна была затрыманая ў рамках крымінальнай справы і змешчаная ў СІЗА. Інфармацыя пра ахвяраванні на дрон не знайшла адлюстравання ў матэрыялах справы.

Мерыем Герасіменка — лідар гурта Meriem Band і аўтар шматлікіх сінглаў. Стала вядомай пасля ўдзелу ў некалькіх вакальных шоу. У 2018 годзе ўдзельнічала ва ўкраінскім песенным конкурсе “Голас країни”.

Таксама пакінулі Беларусь уладальнік бара “Банкі-бутэлькі” Андрэй Жук і яго жонка Марыя. Цяпер яны знаходзяцца ў Варшаве, паведаміў мужчына ў сацсетках. Як і Герасіменка, пару затрымалі ў жніўні 2022 года. У лютым паводле арт. 342 КК мужа і жонку прыгаварылі да 2,5 года абмежавання волі па месцы жыхарства.

Падзяліцца: