Мінск 00:56

У Давосе Ціханоўская папрасіла прэзідэнта Венгрыі прытрымлівацца супольнай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі

Каталін Новак і Святлана Ціханоўская
Скрыншот: відэа прэс-службы Ціханоўскай

17 января, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 17 студзеня ў Давосе абмеркавала з прэзідэнтам Венгрыі Каталін Новак міжнародную падтрымку Беларусі і папрасіла яе прытрымлівацца супольнай палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Мінска, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка.

Ціханоўская бярэ ўдзел у асноўнай праграме Сусветнага эканамічнага форума у швейцарскім горадзе.

Дэмлідар звярнула ўвагу Новак на патрэбу “больш актыўнага ўдзелу ў дапамозе грамадзянскай супольнасці, рэагаванні на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і прыцягненні да міжнароднай адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі”.

Венгрыя застаецца адзінай краінай Еўрасаюза, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Мінскам. Як член ЕС яна была вымушана далучыцца да санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі венгерскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзенне.

У кастрычніку 2023 года міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта ўдзельнічаў у канферэнцыі “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармаваным свеце” ў Мінску. Таксама Сіярта наведваў Беларусь у лютым мінулага года. У тым жа месяцы была падпісана праграма супрацоўніцтва паміж МЗС двух краін на 2023 год, якая прадугледжвала “працяг дыялогу, комплекс захадаў па стымуляванні эканамічнага супрацоўніцтва, адукацыйных і культурных абменаў”.

У канцы верасня 2023-га Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад новага амбасадара Венгрыі ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык.

Падзяліцца: