Мінск 10:46

Дальнабойшчыкаў з Кітая, Турцыі, Ірана і краін СНД таксама абавязалі перасякаць мяжу Беларусі і РФ у пункце Езярышча

Фота: тэлеграм-канал Дзяржаўнага мытнага камітэта

19 студзеня, Позірк. Знешнепалітычныя ведамствы Саюзнай дзяржавы пашырылі пералік краін, кіроўцы грузавікоў з якіх будуць перасякаць мяжу Беларусі і РФ толькі ў адным пункце — Езярышча (з расійскага боку — Лабок), паведамляе Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў (БАМП).

Гэта датычыцца вадзіцеляў-міжнароднікаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі дзяржаў — удзельніц СНД, а таксама Ірана, Кітая і Турцыі.

З 12 студзеня гэты механізм дзейнічае ў дачыненні да аўтаперавозчыкаў з краін Еўразійскага эканамічнага саюза.

З 26 лістапада 2023 года ў пункты перагрузкі і перачэпкі на мяжы з краінамі Еўрасаюза могуць уязджаць толькі грузавыя аўтамабілі і цягачы, зарэгістраваныя ў Беларусі і Расіі. Гэта вызначана пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый № 44 ад 21 лістапада мінулага года.

У рамках абмежавальных мер у дачыненні да РФ за вайну супраць Украіны і ролю Беларусі ў ваеннай агрэсіі Еўрасаюз з 9 красавіка 2022 года забараніў беларускім перавозчыкам перамяшчаць грузы аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЕС, у тым ліку транзітам. У адказ на гэта ўлады ў Мінску з 16 красавіка таго ж года забаранілі перамяшчэнне зарэгістраваных у ЕС цягачоў праз мытную мяжу ЕАЭС у Беларусь. Выключэнне было зроблена для транспарту, які ідзе праз пэўныя пункты пропуску ў спецыяльна ўстаноўленыя месцы для правядзення грузавых аперацый і перачэпкі.

Падзяліцца: