Мінск 03:17

Член АПК Баркоўскі: Ізаляцыя адукацыйнай прасторы Беларусі пагражае яе далейшай дэградацыяй

Фото: пресс-служба ОПК

24 студзеня, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі “ўзяў курс на фактычную ізаляцыю беларускай адукацыі ад глабальнай адукацыйнай прасторы”, заявіў 24 студзеня намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Баркоўскі.

На яго думку, адначасова адбываецца “пераарыентацыя на больш шчыльныя стасункі з адукацыйнымі сістэмамі Расіі і Кітая, якія не забяспечваюць найлепшай якасці адукацыі, але з’яўляюцца ідэалагічна блізкімі мінскаму рэжыму”.

“Ізаляцыя і аднавектарная палітыка ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва не толькі пагражае далейшай дэградацыяй адукацыйнай прасторы Беларусі, але і яе асіміляцыяй больш моцнымі прасторамі Расіі і Кітая. Так што адукацыйнай бяспекі застаецца на тры дні”, — лічыць Баркоўскі.

Паводле яго слоў, каб пераадолець гэтую сітуацыю, АПК робіць захады па “захаванні ўмоў для навучання беларускіх студэнтаў у ВНУ краін Еўропы”, “вырашэнні праблем з апастылямі і іншымі фармальнымі перашкодамі”, “павелічэнні колькасці стыпендый і праграм стажыровак для беларускіх студэнтаў і навучэнцаў каледжаў”, “працягу прызнання беларускіх дакументаў аб адукацыі ў Польшчы і іншых краінах”, “падтрымцы і заснаванні беларускіх навучальных устаноў за мяжой”.

Разам з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці АПК таксама “шукае выхады для павелічэння адукацыйных магчымасцей і стварэння новых прапаноў, якія б працавалі на будучыню адукацыі ў Беларусі”, падкрэсліў намеснік прадстаўніцы кабінета па нацыянальным адраджэнні.

Падзяліцца: