Мінск 15:07

Колькасць замежнікаў, якія пражываюць у Беларусі, за пяць гадоў скарацілася на 13 тыс.

Фота: Позірк

25 студзеня, Позірк. У апошнія гады назіраецца памяншэнне колькасці “замежных грамадзян і асоб без грамадзянства”, якія пастаянна пражываюць у Беларусі. Калі ў 2018 годзе іх было больш за 173 тыс., то ў першым паўгоддзі 2023-га засталося больш за 168 тыс., паведамляецца ў зацверджанай пастановай Саўміна ад 23 студзеня 2024 года Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі Беларусі на 2024–2028 гады.

Пры гэтым колькасць “часова пражываючых” замежнікаў за згаданы перыяд зменшылася на 8,4 тыс. — з 49,9 тыс. у 2018 годзе да 41,5 тыс. у першым паўгоддзі 2023-га.

Такім чынам, агульная колькасць замежнікаў у Беларусі скарацілася больш чым на 13 тыс. (5,9%) — прыкладна з 222 тыс. да 210 тыс.

Адзначаецца, што іх “міграцыйныя настроі шмат у чым звязаныя з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй” у Беларусі і “краінах блізкага і далёкага замежжа”.

“У першым паўгоддзі 2023 года беларускае грамадзянства набылі 1.989 чалавек, спынілі — 396 чалавек (у 2022-м — 4.901 і 778 адпаведна)”, — гаворыцца ў дакуменце.

Таксама з 2018 па 1 ліпеня 2023 года на працу за мяжу “пры садзейнічанні юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў” выехала “звыш 38 тыс. чалавек”. Заехала “больш за 83 тыс. працоўных імігрантаў”.

Аўтары дакумента адзначаюць, што ўлік грамадзян Беларусі, якія “самастойна выязджаюць на працу за мяжу абцяжараны, паколькі названыя асобы не прадстаўляюць інфармацыю аб выездзе <…> і не становяцца на консульскі ўлік” у дыппрадстаўніцтвах і консульскіх установах Беларусі за мяжой.

Распрацоўшчыкі канцэпцыі сцвярджаюць, што “крымінагенная абстаноўка ў краіне, звязаная са знаходжаннем замежнікаў, не зведала істотных змен у параўнанні з папярэднімі гадамі”.

“Прынятыя арганізацыйныя і практычныя меры аказалі на яе стрымальны ўплыў. З 2018 года па першае паўгоддзе 2023-га ў цэлым назіралася зніжэнне колькасці ўчыненых замежнікамі злачынстваў, папярэдняе расследаванне па якіх скончана”, — удакладняецца ў дакуменце.

Падзяліцца: