Мінск 08:35

МЗС Літвы прапанавала дадаткова ацэньваць пагрозы з боку беларусаў, якія прыбываюць па шэнгенскай візе

Фота: "Позірк"

26 студзеня, Позірк. Падоўжыць на год дзейныя да 2 траўня нацыянальныя абмежаванні супраць расіян і беларусаў прапануе Міністэрства замежных спраў Літвы, паведамляе LRT.

Акрамя таго, знешнепалітычнае ведамства лічыць неабходным узмацніць кантроль за грамадзянамі Беларусі, якія прыбываюць у краіну па шэнгенскай візе. У прыватнасці, прапануецца “праводзіць дадатковую ацэнку рызыкі”, каб вызначыць, ці нясе іх прыбыццё нейкую пагрозу для “грамадскага парадку, унутранай бяспекі, здароўя насельніцтва або міжнародных стасункаў”.

Адзначаецца, што рашэнне пра “далейшую праверку грамадзяніна Беларусі на другой лініі кантролю ў пунктах пропуску” будуць прымаць памежнікі.

Закон аб абмежавальных мерах, звязаны з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцці нерухомасці і іншымі пытаннямі, быў прыняты ў красавіку 2023 года. На этапе разгляду дакумент быў значна змякчаны ў дачыненні да беларусаў, большасць санкцый закранула расіян.

Прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа наклаў на закон вета і прапанаваў парламенту ўраўнаваць санкцыі для беларусаў і расіян. Сейм адхіліў вета і зацвердзіў дакумент без прапановаў кіраўніка дзяржавы. Палітык сваю пазіцыю не змяніў, але на восеньскую сесію парламента пытанне пра ўніфікацыю абмежавальных мер не вынес.

4 снежня 2023 года старшыня парламенцкага Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБА) Лаўрынас Кашчунас, яго калега Аўдронюс Ажубаліс, а таксама намеснік старшыні парламента Паўлюс Саўдаргас зарэгістравалі ў Сейме папраўкі да закона аб нацыянальных санкцыях, якія прадугледжваюць абмежаванне выдачы дазволу на права жыхарства беларусам (за выключэннем высокакваліфікаваных работнікаў), але адначасова палягчаюць умовы для атрымання нацыянальнай візы з гуманітарных меркаванняў. 8 студзеня 2024 года Кашчунас заявіў, што ў парламенце не хапае галасоў, каб уніфікаваць санкцыі для грамадзян Беларусі з тымі абмежаваннямі, якія дзейнічаюць у дачыненні да расіян.

У канцы 2023 года Сейм ухваліў, а прэзідэнт Наўседа падпісаў папраўкі да закона аб прававым статусе замежнікаў, якія сярод іншага дазваляюць выдаваць беларусам, што прыбылі краіну пры пасрэдніцтве МЗС, дазвол на жыхарства з гуманітарных прычын не на адзін, а на тры гады. КНБА выступаў супраць гэтай прапановы.

Падзяліцца: