Мінск 02:09

Дзярждэп ЗША асудзіў спробы рэжыму Лукашэнкі перашкодзіць дэмакратычным памкненням беларусаў

Крыніца: сайт Дзярждэпа ЗША

26 студзеня, Позірк. Злучаныя Штаты Амерыкі “асуджаюць нядаўнія рэйды і затрыманні, ажыццёўленыя рэжымам Лукашэнкі, а таксама напады на правы чалавека і спробы перашкодзіць дэмакратычным памкненням народа Беларусі”, гаворыцца ў апублікаванай 25 студзеня заяве прэс-сакратара дзяржаўнага дэпартамента ЗША Мэцью Мілера.

Вашынгтон мае намер “працягваць з дапамогай санкцый і іншых сродкаў прыцягваць рэжым да адказнасці за яго жорсткія ўнутраныя рэпрэсіі, а таксама за яго працяглую падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны”.

У той жа дзень з рашучым асуджэннем “нядаўняй хвалі рэпрэсій супраць былых палітвязняў, якія засталіся ў Беларусі, а таксама сваякоў палітвязняў” выступіў Еўрасаюз.

23 студзеня па ўсёй краіне пракацілася хваля вобшукаў і затрыманняў сваякоў палітычных зняволеных, былых палітвязняў ды інш. Некаторыя з затрыманняў звязаныя з праектам харчовай дапамогі рэпрэсаваным INeedHelp, які 16 студзеня быў прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Сярод іншых была затрыманая і на наступны дзень арыштаваная на 15 сутак Марына Адамовіч — жонка прызнанага палітвязнем апазіцыйнага лідара Мікалая Статкевіча, які асуджаны на 14 гадоў зняволення ва ўмовах асаблівага рэжыму ў рамках “справы Ціханоўскага”.

Паводле даных праваабаронцаў, пераследу падвергнулася не менш за 159 чалавек.

Падзяліцца: