Мінск 03:22

Праваабаронцы паведамляюць мінімум пра 165 затрыманняў 23–24 студзеня

Крыніца: pixabay.com

26 студзеня, Позірк. Мінімум пра 165 затрыманняў падчас рэйду сілавікоў, які пачаўся ў Беларусі 23 студзеня і працягнуўся на наступны дзень, вядома праваабаронцам. Такую лічбу прыводзіць цэнтр “Вясна”.

Ініцыятыва Dissidentby паведамляе аб 166 затрыманнях.

Паводле інфармацыі Асацыяцыі палітвязняў Беларусі, якая аб’ядноўвае былых палітвязняў за мяжой, сярод рэпрэсаваных з 23 студзеня ёсць сваякі яе чальцоў. На старонцы арганізацыі ў “Фэйсбуку” гаворыцца, што яны могуць пацвердзіць “29 канкрэтных выпадкаў ператрусаў кватэр і выклікаў на допыты сваякоў сярод нашых палітвязняў”.

“У трох выпадках допыты адбываліся па месцы працы. Па меншай меры аб месцазнаходжання пецярых чалавек нам нічога не вядома, аднаму прад’яўлены абвінавачанні ўдзелу ў экстрэмісцкім фармаванні. Пераважная большасць тых, каго дапытвалі, падпісалі падпіскі аб неразгалошванні. Чатырох чалавек прымусілі падпісаць падпіску аб забароне выязджаць з Беларусі”, — заявілі ў арганізацыі.

23–24 студзеня па ўсёй краіне пракацілася хваля ператрусаў і затрыманняў сваякоў палітычных зняволеных, былых палітвязняў і інш. Некаторыя з затрыманняў звязаныя з праектам харчовай дапамогі рэпрэсаваным INeedHelp, які 16 студзеня быў прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”.

Злучаныя Штаты Амерыкі выступілі з асуджэннем рэйдаў і затрыманняў, ажыццёўленых “рэжымам Лукашэнкі, а таксама працяглыя напады на правы чалавека і спробы перашкодзіць дэмакратычным памкненням народа Беларусі”. Вашынгтон мае намер “працягваць з дапамогай санкцый і іншых сродкаў прыцягваць рэжым да адказнасці за яго жорсткія ўнутраныя рэпрэсіі, а таксама за яго працяглую падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны”.

З рашучым асуджэннем “нядаўняй хвалі рэпрэсій супраць былых палітвязняў, якія засталіся ў Беларусі, а таксама сваякоў палітвязняў” выступіў Еўрасаюз. Рэпрэсіі таксама асудзілі асобныя краіны ЕС і Савет Еўропы.

Падзяліцца: