Мінск 02:23

ПАСЕ справядліва назвала рэпрэсіі ў Беларусі блізкімі да злачынстваў супраць чалавечнасці — Кавалеўскі

Валерый Кавалеўскі
Фота: АПК

26 студзеня, Позірк. Прынятая 25 студзеня рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) дае магчымасць “захаваць увагу міжнароднай супольнасці ў Беларусі”, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба АПК, дакумент “адэкватна ацэньвае” сітуацыю ў Беларусі, што з’яўляецца “асновай для правільных палітычных рашэнняў”.

“Маштабныя рэпрэсіі супраць беларусаў справядліва называюцца ў рэзалюцыі як блізкія да злачынстваў супраць чалавечнасці. Гэта гучны сігнал для ўрадаў дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый, бо такія дзеянні падвяргаюцца пераследам з пункту гледжання міжнароднага права”, — падкрэсліў палітык.

Ён адзначыў, што “дыктатар Лукашэнка ідэнтыфікаваны ў дакуменце як пагроза для міжнароднай бяспекі”. Сярод іншых рызык згадваюцца “пагрозы для нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і незалежнасці нашай краіны і пагрозы ад размяшчэння ў Беларусі расійскай ядзернай зброі”.

Кавалеўскі лічыць, што гэта сведчыць аб “усведамленні ўсіх гэтых фактараў у сукупнасці — як адзінай пагрозы Беларусі з боку Расіі”.

Прадстаўнік АПК падкрэсліў, што дакументы такога кшталту маюць не толькі дэкларатыўны, але і практычны характар: “Палажэнні рэзалюцыі рэалізуюцца праз рашэнні самой ПАСЕ, краін — удзельніц Савета Еўропы і ўключаюць рэкамендацыі для Камітэта міністраў (выканаўчага органа Савета Еўропы)”.

Важным крокам да паглыблення ўзаемадзеяння палітык назваў рашэнне аб заснаванні пасады пастаяннага дакладчыка па Беларусі пры ПАСЕ.

“Самая важная ў гэтай сэсіі ПАCЕ — гэта прапанова нацыянальнага лідара [Святланы Ціханоўскай] распачаць падрыхтоўку да ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы. Гэта адзін з неабходных захадаў для інтэграцыі Беларусі ў ЕС. Плануецца, што кантактная група пры Савеце Еўропы стане пляцоўкай, якая будзе ажыццяўляць гэту падрыхтоўку. Святлана Ціханоўская асобна паставіць гэтае пытанне перад Камітэтам міністраў Рады Еўропы ўжо праз некалькі дзён”, — рэзюмаваў экс-дыпламат.

Гл. таксама:

Рэзалюцыя ПАСЕ заклікае рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў і правесці свабодныя выбары (дапоўнена)

Дакладчык ПАСЕ: Рэжым Лукашэнкі — найбольш рэпрэсіўны ў Еўропе (дапоўнена)

Падзяліцца: