У Беларусі зафіксаваны самы нізкі за 20 гадоў паказчык выдаткаў на навуковыя даследаванні — дарадца Ціханоўскай

28 студзеня, Позірк. У 2021 і 2022 гадах у Беларусі зафіксаваны самы нізкі за 20 гадоў паказчык выдаткаў на даследаванні і развіццё — 0,47% і 0,48% ад ВУП, заявіла 28 студзеня з нагоды Дня беларускай навукі Таццяна Шчытцова, дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі.
У звароце да навуковай супольнасці Беларусі, апублікаваным на сайце Ціханоўскай, яна адзначыла, што “мінімальны прымальны паказчык, які сведчыць пра адносна дастойны ўзровень навукі ў краіне, — гэта 1% ад ВУП”.
“У апошнія гады адзначаецца таксама значнае скарачэнне навуковых кадраў. Паводле дадзеных на 2022 год, у нас самы нізкі за апошнія 20 гадоў паказчык. Ніжэй, чым у 2000 годзе. Драматычна зніжаецца і колькасць дысертацый, якія абараняюцца”, — падкрэсліла Шчытцова.
Яна назвала навуку “адным з галоўных сацыяльных інстытутаў сучаснага свету”, што мусіць “натхняць [вучоных] і дазваляць адчуваць гонар за сваю працу”.
Але, дадала дарадца дэмлідара, “пры цяперашнім палітычным рэжыме ў Беларусі навука не можа паўнавартасна развівацца і непазбежна дэградуе, як бы гэта ні імкнуліся схаваць пафаснымі прамовамі і маніпуляцыямі са статысткай”.
“Для развіцця навукі неабходна фінансаванне, шырокае міжнароднае супрацоўніцтва і, вядома, “здаровая” навуковая супольнасць унутры краіны, якая не баіцца самастойна думаць, абменьвацца ідэямі, ініцыяваць новыя праекты”, — сказала Шчытцова.
Паводле яе слоў, беларуская навука сёння “знаходзіцца ў вымушанай міжнароднай ізаляцыі”.
“Супрацоўніцтва з Кітаем, якім любіць хваліцца рэжым, магчыма, прывабнае з эканамічнага пункту гледжання, але наўрад ці будзе служыць уласна навуковаму развіццю нашай краіны. Супрацоўніцтва з Расіяй, у сваю чаргу, у цяперашняй сітуацыі спалучана з палітыкай каланіяльнага падпарадкавання. Мы павінны называць рэчы сваімі імёнамі. Кошт гэтага падпарадкавання вельмі вялікі, бо сёння беларуская навука працуе ў тым ліку на ваенныя мэты Расіі”, — перакананая прадстаўніца дэмакратычных сіл.
На яе думку, “свабодная і адкрытая” навуковая супольнасць “проста немагчымая ва ўмовах пастаянных рэпрэсій”.
“Тыран заклікаў навукоўцаў “перасягнуць сябе”. Ён паказаў прыклад, пачаўшы “год якасці” з асабліва заўзятых рэпрэсій — у тым ліку ў дачыненні да беларускіх навукоўцаў і настаўнікаў. Беларусь страчвае кваліфікаваныя навуковыя кадры, бо людзі вымушаныя з’язджаць з краіны. Пры гэтым рэжыме навукоўцы сядзяць у турмах, адбываюць тэрміны ў калоніях і на “хіміі”, — удакладніла Шчытцова.
“У гэтых абставінах” яна асобна звярнулася да вучоных у галіне сацыягуманітарных навукаў: “Вы добра ведаеце, дарагія калегі і каляжанкі, што з прыходам да ўлады Лукашэнкі сацыягуманітарныя веды ў нашай краіне перманентна дэградуюць — і па фінансавых, і па ідэалагічных прычынах. У маштабах краіны за гэтую частку беларускай навукі нам мусіць быць па-сапраўднаму сорамна. І ўсё ж у нас ёсць прафесійныя вучоныя па розных напрамках сацыяльных і гуманітарных навук”.
“Частка з іх у Беларусі, — звярнула ўвагу дарадца Ціханоўскай. — Частка пакінула краіну праз пагрозу рэпрэсій. Мы разам павінныя думаць пра тое, як захаваць і развіваць наш навуковы патэнцыял і не дапусціць, каб беларуская навука выпала з міжнароднага навуковага кантэксту, з актуальных навуковых дыскусій”.
Дэмакратычныя сілы, адзначыла Шчытцова, прыкладаюць “шмат намаганняў для таго, каб знаходзіць новыя магчымасці падтрымкі для незалежнай беларускай навукі, для падрыхтоўкі маладых вучоных”.
“Сёння, у дзень нашага агульнага свята, я радая паведаміць аб тым, што разам з Вольным беларускім універсітэтам, якім кіруе Аляксандр Мілінкевіч, мы будзем ствараць спецыяльную праграму для рэпрэсаваных беларускіх навукоўцаў па абароне на беларускай мове доктарскіх дысертацый і хабілітацый на базе польскіх універсітэтаў”, — сказала дарадца Ціханоўскай.
Паводле яе пераканання, навука “неаддзельная ад грамадства і будзе развівацца разам з ім нашымі намаганнямі”.
Гл. таксама:
Інстытут беларускай мовы за мяжой можа афіцыйна паўстаць гэтай вясной
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 1–2 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ першай палове 2025 года краіны ЕС зафіксавалі ў 1,6 раза больш спробаў пераходу нелегалаў з Беларусі, чым у другой палове 2024-га (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства