Мінск 23:27

Аргкамітэт марксісцкай партыі Калякіна, Вазняка і Бухвостава абвясціў аб стварэнні ячэек у Мінску

Сяргей Вазняк
Фота: старонка Сяргея Вазняка ў "Фэйсбуку"

29 студзеня, Позірк. Пра “рэкрутынг патэнцыйных членаў” новай дэмакратычнай левай партыі і “стварэнне ячэек у раёнах сталіцы” паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” сустаршыня рэспубліканскага аргкамітэта арганізацыі Сяргей Вазняк.

У ліку “першых задач” ён таксама назваў “правядзенне палітычнай вучобы ў кантэксце падрыхтоўкі да Устаноўчага з’езду партыі”.

Паводле слоў Вазняка, у бліжэйшы час будуць створаны абласныя аргкамітэты партыі.

9 снежня 2023 года паведамлялася, што ў Мінску сфарміраваны аргкамітэт па стварэнні левай дэмакратычнай партыі, базавай ідэалогіяй якой будзе марксізм.

Аргкамітэт узначалілі тры палітыкі: Сяргей Калякін — былы лідар ліквідаванай 29 верасня Вярхоўным судом Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Сяргей Вазняк — экс-сябра цэнтральнага камітэта “Справядлівага свету”, Аляксандр Бухвостаў — былы старшыня ліквідаванай 2 жніўня 2004 года Беларускай партыі працы.

Як паведамляў Позірк, члены ліквідаванага “Справядлівага свету” мелі намер стварыць новы палітычны рух, які будзе адстойваць “дэмакратычны і сацыялістычны шлях развіцця дзяржавы і грамадства”.

2 чэрвеня мінулага года партыя “Справядлівы свет” падала дакументы на перарэгістрацыю без спісу сябраў — з меркаванняў бяспекі, аднак 30 чэрвеня Мінюст ёй у гэтым адмовіў. 26 верасня Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ведамства перарэгістраваць партыю.

Улетку і ўвосень 2023-га былі ліквідаваныя яшчэ дзесяць палітычных структур: Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”.

У пачатку верасня стала вядома, што Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі, у спісе зарэгістраваных палітычных сіл яе няма.

Перарэгістраваныя праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Акрамя таго, зарэгістраваная максімальна лаяльная Аляксандру Лукашэнку партыя “Белая Русь”.

У канцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які зрабіў больш жорсткімі патрабаванні да палітычных сілаў і абавязаў усе існуючыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.

Падзяліцца: