Мінск 09:35

Прэм’ер Венгрыі: Беларуская рэвалюцыя зробіць яшчэ большай еўрапейскую зону, дзе дамінуюць ЗША

Фота: мультымедыйны цэнтр Еўрапарламента / Vincent VAN DOORNICK

1 лютага, Позірк. На закрытай сустрэчы з дэпутатамі парламента Венгрыі ўвесну 2023 года прэм’ер-міністр краіны Віктар Орбан дапусціў, што ў Беларусі “яшчэ могуць адбыцца адна ці дзве каляровыя рэвалюцыі”, паведамляе мясцовае расследавальнае медыя Direkt36.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, як сцвярджае СМІ, “магчымая беларуская рэвалюцыя зробіць еўрапейскую зону, у якой дамінуюць ЗША, яшчэ больш”.

Тэма Беларусі, паводле інфармацыі Direkt36, узнікла ў кантэксце абмеркавання геапалітычных рызык, якія Орбан бачыць у магчымым членстве Украіны ў Еўрапейскім саюзе. Ён “выказаў асцярогі, што ўступленне Украіны ў ЕС створыць такі “цэнтр сілы”, у якім будуць дамінаваць Злучаныя Штаты — як у ваенным, палітычным, так і ў эканамічным плане”.

У гэтую зону, на думку венгерскага прэм’ера, “увойдуць тры краіны Балтыі, Польшча, Украіна, якую Расія пазбавіла часткі сваёй тэрыторыі, і ў меншай ступені Румынія (гэта значыць краіны, якія, баючыся Расіі, падтрымліваюць больш шчыльныя сувязі з ЗША)”, піша медыя.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 17 студзеня ў Давосе (Швейцарыя) абмеркавала з прэзідэнтам Венгрыі Каталінай Новак міжнародную падтрымку Беларусі і папрасіла яе прытрымлівацца сумеснай палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. Палітык звярнула ўвагу кіраўніцы венгерскай дзяржавы на неабходнасць “больш актыўнага ўдзелу ў дапамозе грамадзянскай супольнасці, рэагаванні на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і прыцягненні да міжнароднай адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі”.

Венгрыя застаецца адзінай краінай Езрасаюза, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Мінскам. Як член ЕС яна была вымушана далучыцца да санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі венгерскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзенне.

У кастрычніку 2023 года міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта ўдзельнічаў у канферэнцыі “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармаваным свеце” ў Мінску. Таксама Сіярта наведваў Беларусь у лютым мінулага года. У тым жа месяцы была падпісана Праграма супрацоўніцтва паміж МЗС дзвюх краін на 2023 год, якая прадугледжвала “працяг дыялогу, комплекс мер па стымуляванні эканамічнага супрацоўніцтва, адукацыйных і культурных абменаў”.

Летась напрыканцы верасня Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад новага амбасадара Венгрыі ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык. Такім чынам, Венгрыя з’яўляецца адзінай краінай ЕС, амбасадар якой уручыў граматы Лукашэнку пасля падзей 2020 года.

Падзяліцца: