Мінск 15:37

Следам за МУС мемарандум аб супрацы з Зімбабвэ падпісаў Мінпрам Беларусі

Міністр прамысловасці Беларусі Рагожнік і яго зімбабвійская калега Ньёлі
Фота: прэс-служба Мінпрама

1 лютага, Позірк. Мемарандум аб супрацы падпісалі 31 студзеня ў Мінску міністр прамысловасці Беларусі Аляксандр Рагожнік і міністр прамысловасці і гандлю Зімбабвэ Сітамбіса Джайл Глэдзіс Ньёні.

Паводле слоў беларускага чыноўніка, якія прыводзіць сайт Мінпрама, дакумент “мае агульны характар і будзе напоўнены канкрэтнымі пунктамі з улікам інтарэсаў дзвюх краін”.

Згодна з мемарандумам, бакі маюць намер вызначыць “прыярытэты ў галінах прамысловасці”, развіваць “міжнародную спецыялізацыю і кааперацыю вытворчасці”, садзейнічаць “распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праектаў і праграм”.

На перагаворах з Ньёні 29 студзеня Рагожнік нагадаў, што Беларусь паставіла фермерскім гаспадаркам Зімбабвэ больш як 1,8 тыс. трактароў і каля 80 збожжаўборачных камбайнаў, што “дапамагло гарантаваць харчовую бяспеку” краіны. Паводле яго слоў, неўзабаве будзе рэалізавана “трэцяя фаза” праграмы па механізацыі сельскай гаспадаркі — на працягу некалькіх гадоў з Беларусі ў Зімбабвэ паставяць больш як 3 тыс. адзінак трактарнай тэхнікі, 80 камбайнаў.

Перспектыву ў супрацы з Зімбабвэ Мінпрам бачыць у “рэалізацыі і мадэрнізацыі зернесушыльных комплексаў беларускай вытворчасці”, пастаўках тэхнікі для лясной гаспадаркі, кар’ернай тэхнікі.

26 студзеня стала вядома, што міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў падпісаў у Зімбабвэ мемарандум аб супрацы паміж праваахоўнымі ведамствамі дзвюх краін.

Паводле слоў Кубракова, Аляксандр Лукашэнка “даручыў аказаць усялякую падтрымку зімбабвійскім сябрам”.

Лукашэнка наведваў Зімбабвэ 30 студзеня — 1 лютага 2023 года. У красавіку са шматдзённым візітам у Мінск прыязджала жонка прэзідэнта гэтай краіны Аксілія Мнангагва.

Падзяліцца: