Мінск 11:15

У студзені зафіксавана ў 21 раз менш спробаў нелегалаў трапіць з Беларусі ў ЕС, чым годам раней

Фота: Памежная ахова Польшчы

1 лютага, Позірк. За мінулыя суткі, 31 студзеня, краіны Еўрапейскага саюза не зафіксавалі спробаў нелегальнага пранікнення мігрантаў з тэрыторыі Беларусі, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз статыстыкі памежных службаў суседніх дзяржаў ЕС.

З пачатку міграцыйнага крызісу (вясна 2021 года) гэта шаснаццаты такі выпадак і пятнаццаты — з пачатку года. Спакойна на мяжы было 4, 7, 8, 12, 13, 16, 20, 21, 23, 25, 27, 28, 29 і 30 студзеня 2024 года, а таксама 29 лістапада 2023-га.

Ад пачатку 2024 года краіны ЕС спынілі 96 спробаў нелегальнага пранікнення з Беларусі. Для параўнання: у студзені 2023-га іх было зафіксавана 1.989 — у 21 раз больш, чым за аналагічны месяц гэтага года. Колькасць спробаў пранікнення ў Польшчу зменшылася ў 16 разоў (з 1.398 у 2023 годзе да 87 у 2024-м), Латвію — у 74 разы (372; 5), Літву — у 55 разоў (219; 4).

Усяго ў 2023 годзе прадухілена 42.078 такіх спробаў (Польшча — 25.571, Латвія — 13.863, Літва — 2.644), у 2022-м — 31.892 (Польшча — 15.655, Латвія — 5.026, Літва — 11.211). Агульны рост склаў 31,9% (на польскім напрамку — у 1,6 раза, латвійскім — у 2,8 раза; на літоўскім зафіксавана зніжэнне ў 4,2 раза).

Статыстыка, выведзеная “Позіркам” на падставе штодзённых даных, сведчыць, што напружанасць на мяжы Беларусі і ЕС вагаецца, да канца 2023 года яна прыкметна знізілася, тэндэнцыя назіраецца і на пачатку 2024-га.

Падзяліцца: