Мінск 10:17

Коўшык абмеркавала ў ведамствах Латвіі падтрымку беларускай культуры

Аліна Коўшык і віцэ-мэр Рыгі Лінда Азола
Фота: АПК

4 лютага, Позірк. Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык здзейсніда візіт у Рыгу, паведамляе прэс-служба АПК.

На сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў абмеркавалі “падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне, праблемы дыяспары, у тым ліку з банкаўскімі рахункамі, пытанне дасяжнасці вышэйшай адукацыі для беларускіх студэнтаў, правядзенне беларуска-ўкраінска-латвійскіх мерапрыемстваў”.

У Міністэрстве культуры Латвіі “размаўлялі пра рэнавацыю і пастаноўку ў Рызе п’есы [Янкі Купалы] “Паўлінка” ў выкананні “Вольных купалаўцаў”, падрыхтоўку беларуска-латышскіх перакладаў літаратуры, удзел дыяспары ў культурных фестывалях, у тым ліку ў летнім фестывалі нацыянальных меншасцей, супрацоўніцтва з Нацыянальнай бібліятэкай Латвіі ў сферах аблічбоўкі архіваў і пашырэння калекцыі беларускіх кніг у фондзе, падтрымку латвійскімі дзеячамі культуры ініцыятывы стаць сімвалічнымі хроснымі для беларускіх палітзняволеных”.

З віцэ-мэрам Рыгі Ліндай Азолай Коўшык абмеркавала ўпарадкаванне сквера ім. Францыска Скарыны ў горадзе, ўстанаўленне памятных шыльд у месцах, дзе дзейнічала Рада БНР, удзел беларускіх арганізацый у днях Рыгі.

Дамоўленасць аб “экспертна-аналітычным супрацоўніцтве” дасягнута з кіраўніцай праекта “Беларуская даследчая сетка па палітыцы добрасуседства” ў Інстытуце міжнародных адносін Латвіі Беатай Лівданскай, удакладніла прэс-служба.

“З рэгіянальным дырэктарам Дацкага інстытута культуры ў Рызе Лізаветай Дубінкай-Гушчай абмеркавалі стан беларускай культуры і неабходнасць яе падтрымкі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Раней Коўшык наведала Літву.

Падзяліцца: