Мінск 10:54

БАЖ праводзіць маніторынг прарасійскай прапаганды на трох дзяржаўных тэлеканалах Беларусі

Скрыншот: "Беларусь 1"

6 лютага, Позірк. Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) абвясціла аб правядзенні маніторынгу прарасійскай прапаганды на трох дзяржаўных тэлеканалах — АНТ, СТБ і “Беларусь 1”.

На працягу лютага арганізацыя будзе аналізаваць “усе сюжэты, у якіх фігуруюць расійскія актары альбо прысутнічаюць інфармацыйныя нагоды, звязаныя з Расіяй, незалежна ад таго, ці тычацца яны беларуска-расійскіх стасункаў, уключаючы матэрыялы, звязаныя са спортам, культурай, здарэннямі”.

Маніторынгу падлягаюць усе вечаровыя і выніковыя праграмы навін на згаданых тэлеканалах у працоўныя дні, а таксама “выніковыя тыднёвыя інфармацыйна-публіцыстычныя праграмы, якія транслююцца ў выходныя”. Пры гэтым “аналітычныя праграмы, дакументальныя праекты” ды іншыя “не з’яўляюцца аб’ектамі маніторынгу”.

Такім чынам БАЖ хоча “вызначыць і зафіксаваць наяўнасць, аб’ём, змест і форму прарасійскай прапаганды ў беларускіх дзяржаўных СМІ, а таксама яе носьбітаў і распаўсюджвальнікаў”.

Яшчэ адна мэта маніторынгу заключаецца ў тым, каб “вызначыць прысутнасць расійскай тэматыкі і аб’ём перадач расійскай вытворчасці, якія транслююцца на тэлеканалах, што ўваходзяць у агульнаабавязковы ТБ-пакет”.

“Зараз у Беларусі закрытыя практычна ўсе незалежныя друкаваныя СМІ (якія асвятляюць палітычныя і сацыяльныя пытанні без уплыву дзяржавы або афіляваных з ёю асоб і структур), спынена вяшчанне замежных тэле- і радыё- СМІ, практычна ўсе незалежныя анлайн-медыя заблакаваныя ў Беларусі, што абмяжоўвае магчымасць доступу да іх аўдыторыі. Пры гэтым фінансавая падтрымка дзяржаўных СМІ ўзрастае”, — канстатуе асацыяцыя.

Паводле слоў старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, маніторынг прымеркаваны да “выбараў так званых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў”, аднак не з’яўляецца “маніторынгам асвятлення выбараў у СМІ”.

“Не мае сэнсу вымяраць прадастаўленне рознымі медыя часу і плошчы палітычным сілам у сувязі з жорсткім прыгнечаннем апазіцыі ў краіне і адсутнасцю выбару як такога. Але нас цікавіць тое, якую палітыку праводзяць у гэты перыяд беларускія дзяржаўныя тэлеканалы і ступень прарасійскай прапаганды ў іх падчас выбарчай кампаніі”, — падкрэсліў ён.

Як і шматлікія незалежныя медыя і арганізацыі, дэ-юрэ ліквідаваная ў краіне Беларуская асацыяцыя журналістаў вымушана працаваць за мяжой.

Падзяліцца: