Мінск 13:55

Ліберальна-дэмакратычная партыя ўзялася наладжваць эканамічныя сувязі з Паўднёвым Суданам

Крыніца: тэлеграм-канал Ліберальна-дэмакратычнай партыі

6 лютага, Позірк. Урадавая дэлегацыя Паўднёвага Судана прыбыла ў Беларусь 6 лютага на запрашэнне Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП), паведаміў у сваім тэлеграм-канале яе старшыня Алег Гайдукевіч.

Паводле яго інфармацыі, у склад дэлегацыі ўвайшлі міністры — інвестыцый, аховы здароўя, а таксама намеснікі міністраў — аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчовай бяспекі, фінансаў і эканамічнага планавання, інш.

“Для суданскай дэлегацыі прадугледжана насычаная праграма на перыяд з 6 да 8 лютага 2024 года, пачынаючы з сустрэчы ў парламенце Рэспублікі Беларусь. Асноўнай мэтай гэтага візіту з’яўляецца развіццё гандлёва-эканамічных стасункаў паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Паўднёвы Судан”, — напісаў Гайдукевіч.

Паўднёвы Судан адлучыўся ад Судана пасля некалькіх грамадзянскіх войн. Абвясціў незалежнасць 9 ліпеня 2011 года. Беларусь усталявала дыпламатычныя стасункі з маладой дзяржавай 3 верасня 2013-га.

Аб’ём узаемнага гандлю паміж краінамі нязначны. Згодна з інфармацыяй з адкрытых крыніц, у 2017 годзе двухбаковы тавараабарот склаў 41 тыс. долараў, 2018-м — 336 тыс., 2019-м — 94,2 тыс., 2020-м — 175 тыс. Актуальных даных няма.

Ліберальна-дэмакратычная партыя — адна з чатырох палітычных структур, якім рэжым Аляксандра Лукашэнкі дазволіў афіцыйна існаваць у краіне. ЛДП, як і партыя “Белая Русь”, Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, лаяльная дзейным уладам.

Летась было скасавана 12 палітычных сіл — Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Беларуская аграрная партыя.

Падзяліцца: