Мінск 13:34

Кізім: Калі цярпенне беларусаў лопаецца, яны становяцца такімі, як украінцы

Ігар Кізім
Архіўнае фота: БелаПАН

6 лютага, Позірк. Ва Украіне “павінны катэгарычна адрозніваць рэжым Лукашэнкі і яго інтарэсы, з аднаго боку, і інтарэсы беларускага народа, з другога”, заявіў у інтэрв’ю ўкраінскаму выданню “Заходні фронт” Ігар Кізім, прызначаны амбасадарам па асаблівых даручэннях МЗС Украіны, у сферу кампетэнцыі якога ўваходзяць пытанні адносін з Беларуссю.

Першачарговым пытаннем на новай пасадзе дыпламат назваў наладжванне сталых сістэмных працоўных стасункаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. На гэтай аснове ён мяркуе “сфармуляваць парадак дня бягучых і стратэгічных выклікаў і запытаў, прапанаваўшы варыянты іх пераадолення”.

Паводле слоў Кізіма, трэба пачуць, чаго чакаюць беларускія дэмакратычныя сілы ад украінскай улады, а наўзамен “данесці да іх наша бачанне развіцця адносін з імі”.

Сваім “першым сур’ёзным досведам зносін з беларусамі ў гэтым кантэксце” ён назваў “удзел у канферэнцыі, якую летась у лістападзе ў Кіеве арганізаваў полк Кастуся Каліноўскага, байцы якога, як вядома, ваююць супраць Расіі ў складзе УСУ”.

Кізім таксама выказаў меркаванне, што “сёння мы маем фактычна мінімальны ўзровень дыпламатычных адносін паміж Украінай і Беларуссю”: “Адна з маіх галоўных задач як амбасадара па асаблівых даручэннях — праводзіць комплексны аналіз стану гэтых адносін з пазіцый МЗС і ўносіць адпаведныя прапановы па іх далейшым развіцці”.

Сярод задач дыпламат назваў таксама “садзейнічанне ў гарантаванні бяспекі паўночнай мяжы Украіны”.

Адказваючы на пытанне аб дапамозе ў вырашэнні праблем грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ва Украіне, Кізім выказаў гатоўнасць “на ўзроўні МЗС высветліць пазіцыі іншых органаў цэнтральнай улады і разам напрацоўваць адпаведныя рашэнні”.

Назваўшы “гісторыю Лукашэнкі” мінулым двухбаковых адносін, дыпламат адзначыў, што “сёння нам трэба думаць пра тое, як развіваць гэтыя адносіны пасля [яго]”.

Паводле слоў амбасадара, беларускі народ — гэта “далёка не расійскае замбаванае грамадства, якое ледзь не пагалоўна падтрымлівае Пуціна і яго вар’яцкія імперскія амбіцыі”: “Да таго ж вялікае этнічнае падраздзяленне беларусаў ваюе на баку Украіны. Гэта ўсё павінна мець значэнне, калі спрабуем аб’ектыўна вызначыць сваё стаўленне да беларусаў”.

Пры гэтым “кропкай незвароту” ў адносінах Украіны з рэжымам Лукашэнкі палітык лічыць 24 лютага 2022 года, калі “беларускі дыктатар дазволіў расійскім войскам зайсці на тэрыторыю Украіны са зброяй і пачаць ваенныя дзеянні”.

“Беларусам трэба разумець, што для ўкраінцаў галоўнае — гэта воля, імкненне да свабоды і дэмакратыі. А ўкраінцам варта ведаць пра беларусаў, што яны дастаткова цярплівыя, але калі цярпенне лопаецца, то яны становяцца такімі, як украінцы”, — заявіў дыпламат.

Аб прызначэнні амбасадарам па асаблівых даручэннях па Беларусі былы ўкраінскі амбасадар у Мінску Ігар Кізім паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” 3 лютага.

Кізім быў прызначаны на пасаду амбасадара 16 лютага 2017 года ўказам прэзідэнта Украіны, якім у той час быў Пётр Парашэнка. Дыпламат заставаўся ў Мінску нават пасля пачатку падтрыманага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.

19 красавіка 2023 года Кізім быў адкліканы ў Кіеў для кансультацый пасля сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком т. зв. “Данецкай Народнай Рэспублікі” Дзянісам Пушыліным. Украінскія ўлады назвалі візіт Пушыліна ў Мінск “спробай легітымізацыі гэтага прадстаўніка расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку”.

Кізім у Беларусь не вярнуўся. 22 чэрвеня дзейны прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вызваліў яго ад пасады амбасадара.

Падзяліцца: