Мінск 18:21

Дэмсілы абмеркавалі з каардынатарам урада ФРГ “супрацьдзеянне спробам Расіі інкарпарыраваць Беларусь”

Робін Вагенер
Фота: Бундэстаг / Inga Haar

8 лютага, Позірк. Неабходнасць “сумесных публічных намаганняў па супрацьдзеянні спробам Расіі інкарпарыраваць Беларусь” абмеркавалі 8 лютага намеснікі кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Валер Кавалеўскі і Павел Латушка з “галоўнай кантактнай асобай” урада ФРГ для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Расіі і Беларусі ў выгнанні Робінам Вагенерам.

Вагенер з’яўляецца дэпутатам Бундэстага, кіраўніком парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” і каардынатарам урада ФРГ па пытаннях супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Паўднёвага Каўказа, Малдовы і Цэнтральнай Азіі.

Як паведаміла прэс-служба АПК, у сустрэчы таксама ўзялі ўдзел “прадстаўнікі МЗС Германіі, нямецкай амбасады ў Польшчы, каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення” (узначальвае Латушка).

Суразмоўцы сярод іншага закранулі пытанні адказнасці Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму “за здзейсненыя злачынствы супраць чалавечнасці, незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны”. Асобную ўвагу яны надалі пераследу прадстаўнікоў рэжыму з боку кампетэнтных органаў ФРГ у рамках універсальнай юрысдыкцыі.

Дэмсілы абмеркавалі пытанні большага санкцыйнага ціску на прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, патранажу Германіі над беларускімі спартсменамі-дысідэнтамі, аказання дапамогі для іх падрыхтоўкі і ўдзелу ў спаборніцтвах.

Перамовы таксама тычыліся “падтрымкі Германіяй беларускага дэмакратычнага руху ў барацьбе за свабодную і дэмакратычную Беларусь”, стасункаў з Украінай, узаемадзеяння ў рамках Еўрасаюза ў цэлым і на будучай Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў прыватнасці, “магчымасць наступных крокаў” у развіццё рэзалюцыі Бундэстага, прынятай у лістападзе 2023 года.

Бакі абмеркавалі шляхі вырашэння міграцыйных праблем беларусаў у Германіі і краінах ЕС. Адзначана “важнасць практычных захадаў” па дапамозе беларусам у легалізацыі.

Падзяліцца: