Мінск 20:55

Віцэ-спікер парламента Славакіі пасля “сардэчнай” сустрэчы з беларускім дыпламатам назваў “абсурднымі” санкцыі супраць Мінска

Любаш Блага, Андрэй Дапкюнас і Андрэй Данка (злева направа)
Фота: тэлеграм-канал Любоша Благі

9 лютага, Позірк. Пасол Беларусі ў Аўстрыі Андрэй Дапкюнас 9 лютага сустрэўся ў Браціславе з віцэ-спікерамі парламента Славакіі Любашам Благам і Андрэем Данка. Па выніках перамоў ён назваў славацкіх палітыкаў “шчырымі сябрамі Беларусі, якія заўсёды выступаюць у інтарэсах сапраўднага сяброўства паміж народамі і абараняюць нацыянальныя інтарэсы сваіх краін”, паведамляе тэлеграм-канал знешнепалітычнага ведамства “Глас МИДа”.

Падрабязнасцяў МЗС не прывёў.

Меркаваннем аб сустрэчы з Дапкюнасам, бягучай геапалітычнай абстаноўцы і перспектывах беларуска-славацкіх адносін падзяліўся ў сваім тэлеграм-канале віцэ-спікер Блага.

Паводле яго слоў, сустрэча была “вельмі сардэчная”, бо “Беларусь — наш сябар, і мы ніколі не забудзем ахвяру гэтага адважнага славянскага народа ў Другой сусветнай вайне”.

“Я зраблю ўсё для далейшага развіцця нашага супрацоўніцтва, мне заўсёды падабалася бываць у гэтай цудоўнай краіне, і я лічу санкцыі супраць Беларусі абсурднымі”, — заявіў палітык.

“Мы зробім усё, — дадаў ён, — каб нармалізаваць адносіны як з Расіяй, так і з Беларуссю”.

Ён паведаміў пра “істэрыю заходніх лібералаў” у сувязі з праведзенай сустрэчай, але яна “толькі пацвярджае, наколькі сучасны лібералізм ненавідзіць свабоду і збалансаваныя дэбаты — іх мазгі ўжо цалкам прыцемненыя ўласнай прапагандай”.

“У такім ментальным спазме Захад знаходзіўся ў нацысцкай Германіі, калі любое іншае меркаванне было забаронена. Мэта была адзінай. Знішчэнне Расіі. Як сёння”, — адзначыў Блага.

“Мы хочам міру”, — напісаў ён, падкрэсліўшы недапушчальнасць “нянавісці як да Расіі, так і да Беларусі”, інакш “кампраміс ніколі не будзе знойдзены”.

30 верасня мінулага года ў Славакіі прайшлі пазачарговыя парламенцкія выбары, на якіх перамагла левацэнтрысцкая партыя “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на чале з Робертам Фіца. Ён чацвёрты раз узначаліў урад краіны. Да гэтага Фіца кіраваў кабінетам у 2006–2010, 2012–2016 і 2016–2018 гадах.

Блага з’яўляецца членам партыі Фіца. Вядомы скандальнымі выказваннямі, праз што яго старонка ў “Фэйсбуку” была заблакаваная. Прытрымліваецца антызаходніцкіх і антыліберальных поглядаў. У 2020 годзе паліцыя праводзіла расследаванне з нагоды асобных яго выказванняў на падставе закона аб забароне адмаўлення генацыду і злачынстваў супраць чалавечнасці. Пазней абвінавачванні былі знятыя.

Пасля прыходу да ўлады новых сіл Славакія дэкларуе прарасійскую пазіцыю, аднак толькі на ўзроўні рыторыкі. 1 лютага Браціслава прагаласавала за вылучэнне Еўрасаюзам Украіне 50 млрд еўра цягам 2024–2027 гадоў.

Беларускія ўлады адносяць Славакію да “недружалюбных краін”. Як член Еўрапейскага саюза Славакія падтрымлівае санкцыі супраць Мінска, а таксама міжнародную платформу для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці.

У верасні 2023 года ўрад Беларусі пастанавіў да 1 снежня таго ж года закрыць пасольства ў Браціславе.

29 жніўня 2023 года дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сустракалася з кіраўніком МЗС Славакіі Міраславам Улахоўскім. Бакі абмяркоўвалі пытанні дапамогі беларускім добраахвотнікам і ветэранам, “правакацыі з боку рэжыму Лукашэнкі”, праблему наяўнасці палітвязняў і неабходнасць іх неадкладнага вызвалення.

Удзельнік сустрэчы з Дапкюнасам Данка, будучы на той момант спікерам парламента Славакіі, у чэрвені 2019 года наведваў Мінск і сустракаўся з Лукашэнкам.

Падзяліцца: