Мінск 23:06

Экспарт беларускіх тавараў у РФ у 2023 годзе вырас на 9,1% і склаў “гістарычныя” 25 млрд долараў — Круты

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

13 лютага, Позірк. Экспарт тавараў у Расію ў 2023 годзе павялічыўся на 9,1%, “без уліку нафты, нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў” — на 7,9% “пры заданні” 6,5%, заявіў пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты 13 лютага на анлайн-пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па маніторынгу паставак айчыннай прадукцыі на расійскі рынак.

Паводле слоў дыпламата (цытата з відэа ў тэлеграм-канале пасольства Беларусі ў РФ), агульны аб’ём таварных паставак у Расію склаў “гістарычныя 25 млрд долараў”.

11 лютага ў эфіры тэлеканала АНТ Круты заявіў, што заходнія санкцыі паслужылі “трыгерам росту паставак” беларускіх тавараў на расійскі.

“Пытанне пераарыентацыі 10,5 млрд долараў экспарту <…>, у прыватнасці, у РФ, было па вялікім рахунку пытаннем выжывальнасці нашай эканомікі, стрэс-тэстам на яе ўстойлівасць. Выдатна, што гэта атрымалася”, — адзначыў дыпламат.

Беларусь, паводле яго слоў, “за два гады прырасла ў экспартных пастаўках на расійскі рынак на 8,5 млрд долараў”. Гэта “выдатны вынік”, які стаў “следствам комплексу фактараў”, найважнейшым з якіх з’яўляецца “новая лагістыка пераарыентацыі нашых грузаў”, задзейнічанне магчымасцяў расійскіх партоў, сказаў пасол.

Фізічны аб’ём беларускага экспарту ў 2023 годзе павялічыўся на 25% у параўнанні з папярэднім годам, заявіў намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун на пасяджэнні Рэспубліканскага клуба дырэктараў 19 студзеня ў Мінску.

“Гаворачы аб экспарце, не такія тэмпы [росту], як хацелася б — 103% у вартасным выражэнні. Рэкордныя фізічныя аб’ёмы экспарту былі за апошнія 11 гадоў. ⟨…⟩ На чвэрць мы павялічылі фізічныя аб’ёмы, але ў цэлым экспарт [склаў] толькі 103%. Планы [на 2024 год] ужо больш амбіцыйныя — 107,6%”, — сказаў намеснік міністра.

Чыноўнік адзначыў, што ў 2023 годзе экспартныя цэны значна знізіліся — “у сярэднім на 15%”, але гэта ўдалося перакрыць “за кошт фізічных аб’ёмаў, прычым не толькі на традыцыйным рынку ў РФ”, але і за кошт новых рынкаў збыту.

“Мы больш як у два разы прыраслі па экспарту ў Лацінскай Амерыцы, Азіі”, — удакладніў Картун.

Паводле слоў намесніка міністра, на тэмпы росту паўплываў “кан’юнктурны фактар па цэнах”.

“Нашы сыравінныя тавары, напрыклад калійныя ўгнаенні — экспарт ⟨…⟩ развіваўся ў складаных умовах, таму што цэны на іх упалі ў два разы ў параўнанні з 2022 годам”, — адзначыў намеснік міністра.

Падрабязная афіцыйная статыстыка па экспарце тавараў не публікуецца ўладамі з 2021 года.

Падзяліцца: