Мінск 14:26

Карбалевіч пра смерць Навальнага: Гібель палітвязняў стала звыклай з’явай у Беларусі і Расіі

Аляксей Навальны
Фота: інфармагенцтва Sputnik

16 лютага, Позірк. “Палітычныя рэжымы ў Беларусі і Расіі робяцца больш жорсткімі і таталітарнымі”, гібель палітзняволенных “стала звыклай з’явай” у Беларусі і “цяпер, на жаль, у РФ”, заявіў “Позірку” палітычны аглядальнік “Радыё Свабода” Валер Карбалевіч, каментуючы смерць расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.

“Гэта своеасаблівае вяртанне ў сталінскія часы, калі смерць палітзняволеных не была нейкай маральнай перашкодай для працягу рэпрэсій. У гэтым сэнсе прабіта чарговае дно, і, як мне здаецца, не апошняе”, — сказаў Карбалевіч.

Аляксей Навальны памёр 16 лютага ў папраўчай калоніі “Палярны воўк” у пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі РФ. Яму было 47 гадоў.

Адміністрацыя калоніі паведаміла, што палітвязень дрэнна адчуў сябе пасля прагулкі і страціў прытомнасць. Выкліканая брыгада хуткай дапамогі канстатавала смерць.

Расійскія дзяржСМІ паведамілі, што ў Навальнага адарваўся тромб.

Навальны — расійскі грамадскі і палітычны дзеяч дэмакратычнай арыентацыі. Вядомы барацьбой з карупцыяй шляхам выкрыцця фінансавых махінацый расійскіх уладаў і асабіста прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і публікацыі адпаведных матэрыялаў у інтэрнэце. Яго выпускі ў ютубе глядзелі дзясяткі мільёнаў людзей. Узначальваў створаны ім “Фонд барацьбы з карупцыяй”.

20 жніўня 2020 года быў атручаны. Яму стала дрэнна ў самалёце, які ляцеў з Томска ў Маскву. У далейшым Навальны ўпаў у кому, 24 жніўня быў дастаўлены на лячэнне ў берлінскую клініку “Шарытэ”. Сляды атрутнага рэчыва з групы “Навічок” былі знойдзены лабараторыяй Узброеных сіл Германіі. Даследаванне праводзілася на запыт клінікі “Шарытэ”. 2 верасня 2020 года вынікі аналізаў былі афіцыйна абвешчаны нямецкім урадам.

17 студзеня 2021 затрыманы пасля вяртання ў Расію ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева.

Пасля гэтага неаднаразова судзілі паводле розных крымінальных артыкулаў. 4 жніўня 2023 года Маскоўскі гарадскі суд прыгыварыў Навальнага да 19 гадоў калоніі асаблівага рэжыму па справе аб стварэнні экстрэмісцкай супольнасці.

Незалежныя расійскія эксперты неаднаразова выказвалі думку, што Навальны будзе ў зняволенні да той пары, пакуль пуцін застаецца ва ўладзе.

У 2020 годзе палітык падтрымаў пратэсты ў Беларусі. Неаднаразова крытыкаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Падзяліцца: