Мінск 13:56

Латушка: За апошнія гады звольненыя мінімум 11 кіраўнікоў нацыянальных культурных устаноў Беларусі

Міністр культуры Анатоль Маркевіч і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея (1998–2023) Ўладзімір Пракапцоў (2021)
Фота: artmuseum.by

20 лютага, Позірк. За апошния гады звольненыя “амаль усе кіраўнікі нацыянальных устаноў Беларусі” — мінімум 11 чалавек, якія звязаныя з культурай, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на сваім ютуб-канале.

Змянілася кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, Нацыянальнага гістарычнага музея, Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора імя Цітовіча, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і іншыя, адзначыў ён.

У жніўні мінулага года Нацыянальны гістарычны архіў узначаліў Міхаіл Глушакоў, які да гэтага доўгі час працаваў у КДБ, дадаў Латушка.

“Ужо праз дзень у архіве адбыліся масавыя затрыманні, якія закранулі не менш за сем супрацоўнікаў, — падкрэсліў палітык. — І гэта — сведчанне адносін так званага дырэктара-кдбшніка да супрацоўнікаў архіва, гісторыкаў, даследчыкаў і архівістаў. Замест матывацыі працягваць працу — рэпрэсіі, замест рэалізацыі даследніцкіх праектаў — пасадкі”. 

Новапрызначанае кіраўніцтва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы таксама “пачало весці актыўную дзейнасць”: у верасні 2023 года на сцэне Купалаўскага тэатра толькі адзін спектакль прагучаў па-беларуску і “ажно 15 — на рускай мове”.

“Вось так пры Лукашэнку змяняюцца беларускія нацыянальныя ўстановы. Гэтая асоба баіцца ўсяго беларускага, менавіта ён — здраднік і акупант. І з кожным днём з’яўляюцца новыя факты яго здрадзе краіне. І галоўная лічба, якая пра гэта сведчыць: сёння больш за 140 асобаў, звязаных з культурай, з’яўляюцца палітычнымі зняволеннымі ў турмах рэжыму”, — адзначыў Латушка.

Экс-міністр культуры выказаў думку, што ў справе захавання нацыянальнай самаідэнтычнасці “асаблівае значэнне набывае самаадукацыя, захаванне традыцый сваёй сям’і і агульнанацыянальных, агульнабеларускіх традыцый”.

Латушка лічыць, што за мяжой таксама “крытычна неабходна” ствараць нацыяльныя асяродкі, якія дазволяць захаваць беларускую культуру.

Падзяліцца: