Мінск 06:46

Лукашэнка заявіў аб падрыхтоўцы заходнімі спецслужбамі правакацыі ў Польшчы з абвінавачаннем Беларусі і РФ

Фота: president.gov.by

20 лютага, Позірк. “Усе здабытыя разведкай сцэнары рознага роду правакацый, правядзення экстрэмісцкіх акцый з задзейнічаннем баевікоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, Польшчы і Літвы, мы ведаем і неадкладна агалошваем, наколькі гэта магчыма”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 лютага на нарадзе з кіроўным складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

“Цяпер падтрымаем гэтую традыцыю. Яшчэ адна аператыўная інфармацыя. Даслоўна цытую (гэта ўжо для палякаў важна): “Польская і амерыканская разведкі рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю супраць грамадзянскага насельніцтва Польшчы, у якой абвінавацяць Расію і Беларусь”, — цытуюць яго дзяржСМІ.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, Варшава нібыта “спрабуе завербаваць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія змогуць замяніць нашых “ціх” і “лахаў” (так Лукашэнка ўніжальна называе дэмакратычныя сілы і апазіцыю. — “Позірк”.)”.

“Яны будуць шукаць і ствараць новых лаяльных да Захаду і больш эфектыўных дзеячаў тут. У ход пойдуць усе метады — ад банальных подкупу і шантажу да пагроз жыццю і здароўю вам і вашым блізкім і родным. У фокусе ўвагі можа быць хто заўгодна”, — сказаў на заканчэнне ён.

Падзяліцца: