Мінск 14:08

Аргкамітэт па выбарах у КР папросіць “міжнародную супольнасць” стварыць тэхнічную платформу для галасавання

Крыніца: КР

20 лютага, Позірк. Грамадскі аргкамітэт па выбарах у Каардынацыйную раду (КР) збірае подпісы пад лістом да “міжнароднай супольнасці” з просьбай дапамагчы з арганізацыяй выбарчага працэсу, а менавіта “стварыць тэхнічную платформу, арганізаваць медыя-кампанію і правесці іншыя перадвыбарныя мерапрыемствы”. Пра гэта паведаміў у тэлеграм-канале КР адзін з удзельнікаў аргкамітэта Андрэй Жураўлёў.

Згодна з рэгламентам, аргкамітэт з’яўляецца “органам па ўзгадненню пазіцый  і дзеянняў паміж рознымі суб’ектамі грамадска-палітычнага поля па правядзенні выбараў у прадстаўнічы орган, вызначэнні яго місіі і паўнамоцтваў”. Ён ажыццяўляе сваю дзейнасць на працягу ўсёй выбарчай кампаніі, да пачатку дзейнасці новага складу прадстаўнічага органу. У аргкамітэт уваходзяць 30 чалавек розных сфер дзейнасці, якія на грамадскіх пачатках узяліся дапамагчы ўпаўнаважанай працоўнай групе арганізаваць выбары ў КР.

19 лютага стала вядома, што дэмакратычныя сілы дамовіліся аб працэдуры выбараў у новы склад Каардынацыйнай рады, адпаведны праект неўзабаве будзе прадстаўлены на галасаванне дзейнага складу.

“Варыянт, які прапануе рабочая група, прадугледжвае толькі адзін голас у выбаршчыка, а пасля выбараў будзе створана кансультатыўная грамадская палата для няўрадавых арганізацый”, — адзначаецца ў паведамленні КР.

Выбары ў Каардынацыйную раду прызначаныя на 25 траўня, адпаведнае рашэнне прынятае 9 лютага. Раней структура заяўляла, што выбары будуць прамымі, “з закрытымі спісамі і бачнымі кандыдатамі”.

7 лютага КР падоўжыла мандат дзеючага складу, які мінаў 8-га, да першага агульнага сходу новага складу. На гэтым фоне склала свае паўнамоцтвы віцэ-спікера і выйшла з КР Алена Жываглод.

Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) адклікала свайго дэлегата Арцёма Брухана “ў сувязі з завяршэннем паўнамоцтваў другога склікання Каардынацыйнай рады”. НАУ выступіла за правядзенне выбараў у КР па сістэме прамога галасавання, дзе ў кожнага выбаршчыка ёсць адзін голас.

У канцы снежня мінулага года дзевяць членаў КР запатрабавалі распусціць цяперашні склад.

28 лістапада 2023 года сілавікі правялі ў Беларусі больш за 130 ператрусаў у рамках крымінальнай справы, звязанай з дзейнасцю КР, вынесена 145 пастаноў аб арышце маёмасці.

Следчы камітэт паведаміў, што падазраванымі па справе праходзіць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).



Падзяліцца: