Мінск 14:09

Гарбунова заклікала міжнародную супольнасць накіраваць у беларускія турмы экспертныя місіі

Ігар Леднік
Фота: "Вясна"

20 лютага, Позірк. “Хачу спытаць у міжнароднай супольнасці. Мы б’ём ва ўсе званы! Людзі паміраюць! Пятая нам вядомая смерць. Чаму вы яшчэ не наведалі турмы рэжыму? Чаму яшчэ не накіравалі ў Беларусь экспертныя камісіі? Ці знойдзецца хтосьці сумленны і смелы, хто возьме [тэлефонную] трубку і пачне гэтую размову?” — заявіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) Вольга Гарбунова, каментуючы смерць палітвязня Ігара Ледніка.

“Спытайце ў іх, нарэшце, што яны хочуць за нашых людзей, за палітзняволеных!” — цытуе Гарбунову прэс-служба АПК.

Прадстаўніца кабінета адзначыла, што “і ўрачы, і надзіральнікі, і пракуроры, і суддзі дакладна ведалі, што Леднік праз праблемы з сэрцам меў інваліднасць 2-й групы”. 

“Яны ведалі, што пасля перанесенай аперацыі на страўнікава-кішачным тракце палітвязень меў стому, да якой быў замацаваны адмысловы пакет. Яны ведалі. Але гэта не перашкодзіла ім спачатку змясціць ва ўмовы зняволення, а пасля і працяглы час утрымліваць у іх 63-гадовага мужчыну з цяжкімі захворваннямі. І за што ўтрымліваць! За нібыта паклёп у дачыненні да Лукашэнкі. Няўжо словы — нават прамоўленыя — могуць каштаваць чалавечага жыцця?” — дадала Гарбунова.

Яна звярнулася да “турэмшчыкаў” з пытаннем: “Чым для вас быў небяспечны Ігар?”. “Якую пагрозу для грамадства і вашай улады ён уяўляў? За што вы з яго здзекаваліся, не давалі нават нармальна прымаць душ? За што помсцілі? Не ўкладваецца ў галаве…” — сказала Гарбунова.

Ігар Леднік памёр у Мінскай раённай бальніцы, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі №2, дзе адбываў пакаранне. Да гэтага ён адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі №15.

Прычынай смерці стала спыненне сэрца.

Аб месцы і даце развітання з ім будзе аб’яўлена дадаткова.

Журналіст і грамадскі актывіст быў затрыманы 12 красавіка 2022 года. Спачатку яму прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але пасьля іх ён на волю не выйшаў.

6 верасня 2022 года суд Ленінскага раёна Мінска (суддзя Таццяна Шоцік) прыгаварыў мужчыну да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП “Пазіцыя”.

Леднік быў інвалідам другой групы. У чэрвені 2022 года яго адвакат паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, ён знаходзіўся ў санчастцы следчага ізалятара ў ляжачым становішчы. У ліпені стала вядома, што актывісту правялі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце.

18 ліпеня 2022-га суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю старонкі Ледніка ў “Фэйсбуку” “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

У Беларусі ў зняволенні памерла мінімум пяць палітвязняў. У студзені 2024 года памёр 50-гадовы Вадзім Храсько ў папраўчай калоніі № 3 (пасёлак Віцьба Віцебскага раёна), 21 траўня 2022 года ў шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць) загадкава памёр 50-гадовы актывіст і грамадскі дзеяч Вітольд Ашурак, 7 траўня 2023-га ў згаданай віцебскай калоніі — 61-гадовы блогер і актывіст з хворым сэрцам Мікалай Клімовіч, 11 ліпеня 2023-га — прывезены ў лякарню з гарадзенскай турмы № 1 57-гадовы мастак Алесь Пушкін, у якога дыягнаставалі прабадную язву страўніка.

Падзяліцца: