Мінск 01:51

Ціханоўская пра “фіктыўныя выбары рэжыму”: Гэты цырк не ператворыць дыктатара ў дэмакрата

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

26 лютага, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская выказала “сардэчную падзяку” ўсім сябрам і саюзнікам, якія “прыслухаліся да закліку асудзіць фіктыўныя выбары рэжыму”.

“Гэты цырк не ператворыць дыктатара ў дэмакрата. Замест гэтага ён прадэманстраваў нам адзінства свету ў падтрымцы свабоднай Беларусі. Дзякуй, што вы з намі”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

У сваю чаргу яе галоўны дарадца Франак Вячорка адзначыў, што “выбары скончаныя, прызначаныя дэпутаты”, прычым “без сюрпрызаў — толькі лаялісты”.

“Лукашэнка адрэпетаваў 2025 год (год чарговых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. — “Позірк”.). Ён баіцца паўтарэння 2020 года, і, на жаль, мы можам чакаць толькі ўзмацнення рэпрэсій. Яго месца не ў выбарчых бюлетэнях, а ў Гаазе. І мы не павінны спыняць барацьбу”, — падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.

Адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў прайшоў 25 лютага. Электаральная кампанія вялася на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У ёй удзельнічалі выключна прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра непрызнанне выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, з адпаведным заклікам выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны.

Гл. таксама:

Пераважную большасць месцаў у Палаце прадстаўнікоў занялі члены “Белай Русі” і беспартыйныя

Падзяліцца: