Мінск 17:46

АПК заклікаў дэмакратычныя краіны не прызнаваць “гэты фарс пад назвай “адзіны дзень галасавання”

Фота: тэлеграм-канал ЦВК

26 лютага, Позірк. “Мы заклікаем дэмакратычныя краіны свету і міжнародныя арганізацыі не прызнаваць гэты фарс пад назвай “адзіны дзень галасавання” і не прызнаваць легітымнасць інстытутаў, створаных рэжымам па яго выніках”, — гаворыцца ў заяве Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), распаўсюджанай 26 лютага.

“25 лютага ў Беларусі прайшлі “бязвыбары” ў так званыя парламент і мясцовыя саветы дэпутатаў. “Выбарчая кампанія” характарызавалася не проста адсутнасцю адкрытай дыскусіі, канкурэнтнай барацьбы, але і стварэннем атмасферы татальнага кантролю і запалохвання грамадства”, — адзначылі ў АПК.

Напярэдадні ва ўсіх рэгіёнах Беларусі “праходзілі масавыя затрыманні не толькі актывістаў, але і простых грамадзян”, “выбарчы працэс” адбываўся пры адсутнасці незалежных назіральнікаў, у атмасферы страху, пад пагрозамі прымянення гвалту, аж да выкарыстання агнястрэльнай зброі з боку сілавога апарату”.

“Нелегітымнымі ўладамі было арганізавана датэрміновае галасаванне на “выбарах”, якое характарызавалася як прымусам да галасавання, так і фальсіфікацыяй яўкі, чаму ёсць шматлікія сведчанні. Спісы “дэпутатаў”, якія падлягаюць прызначэнню, былі ўзгодненыя загадзя адміністрацыяй Лукашэнкі”, — гаворыцца ў заяве.

На сёння ў Беларусі налічваецца больш за 1,6 тыс. палітычных зняволеных, ліквідаваны ўсе апазіцыйныя партыі, а таксама больш за 1,5 тыс. НДА, “закрыты і прызнаны экстрэмісцкімі ўсе незалежныя СМІ”: “Таму тое, што адбывалася ў Беларусі 25 лютага, нельга называць выбарамі”.

“Беларускае грамадства адрэагавала на гэта ў большасці сваёй ігнараваннем гэтых “бязвыбараў”, пра што ёсць шмат сведчанняў ад актывістаў з Беларусі”, — канстатаваў АПК.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў чарговы раз прадэманстраваў, што базуе сваю ўладу “не на падтрымцы грамадства, а на фальсіфікацыях, падмане і сіле”, дадаў намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка.

“Такая ўлада не мае перспектыў і абавязкова падзе — у мяне ў гэтым няма сумневу. Мы павінны працаваць дзеля таго, каб паскорыць гэтыя працэсы”, — сказаў ён.

“З улікам заявы Лукашэнкі аб сваіх планах удзельнічаць у выбарах на пасаду прэзідэнта ў 2025 годзе, я лічу неабходным падкрэсліць: сённяшняя сітуацыя зноў пацвярджае, што пры ўмове захавання Лукашэнкам улады сапраўдных выбараў у Беларусі зноў не адбудзецца”, — лічыць палітык.

Лукашэнка да “сваёй чарговай спробы перапрызначыцца” павінен будзе атрымаць ад сусветнай супольнасці, ад Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе ордар на арышт “як міжнародны крымінальны злачынца, аб’яўлены ў вышук у большасці краін свету — за злачынствы супраць беларусаў і ваенныя злачынствы супраць украінскага народа”, адзначыў экс-дыпламат.

Адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя рады дэпутатаў прайшоў 25 лютага. Электаральная кампанія вялася на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У ёй удзельнічалі выключна прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Аб непрызнанні выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, з адпаведным заклікам выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны, раскрытыкавалі МЗС Германіі і група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, ПАСЕ.

Падзяліцца: