Мінск 05:26

Арцыбіскуп-эмерыт Кандрусевіч выпісаны з бальніцы пасля двух тыдняў лячэння сэрца

Фота: catholic.by

27 лютага, Позірк. Ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на спачынку Тадэвуш Кандрусевіч выпісаны з 1-й гарадской клінічнай бальніцы пасля двух тыдняў лячэння сэрца.

“Практычна напярэдані Вялікага посту, 12 лютага, я трапіў у шпіталь з дыягназам мігацельная арытмія сэрца і праходзіў курс лячэння да 27 лютага”, — паведаміў іерарх парталу Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Кандрусевіч падзякаваў урачам, якія “паспяхова прывялі ў норму рытм сэрца”, а таксама ўсім, хто маліўся за яго выздараўленне.

Арцыбіскуп на спачынку паведаміў, што ўжо ў бліжэйшую нядзелю, 3 сакавіка, будзе цэлебраваць імшу ў мінскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі.

Кандрусевіч узначальваў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію з 2007 года, з сярэдзіны 2015-га быў старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Папа рымскі Францішак прыняў адстаўку іерарха ў дзень яго 75-годдзя, 3 студзеня 2021 года.

У 2020 годзе Кандрусевіч амаль чатыры месяцы правёў у выгнанні. Арцыбіскупа, які пасля прэзідэнцкіх выбараў актыўна заклікаў уладу спыніць гвалт і пайсці на дыялог з грамадствам, 31 жніўня не ўпусцілі ў краіну з замежнай паездкі. Пасля было заяўлена, што МУС прызнала яго пашпарт несапраўдным. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Кандрусевіча ў тым, што той выязджаў у Польшчу “для кансультацый, як разваліць краіну”.

Вырашаць сітуацыю з Кандрусевічам у верасні ў Беларусь прыязджаў сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, у снежні — апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі, экс-нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці (цяпер кардынал, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх касцёлаў).

22 снежня цяперашні нябожчык Уладзімір Макей, які тады займаў пасаду міністра замежных спраў, распавёў вузкаму колу СМІ, што Гуджэроці перадаў Лукашэнку ліст папы Францішка, “у ім выкладалася адпаведная просьба, звязаная з вядомай персонай арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча”. “Зыходзячы менавіта з пачуцця глыбокай павагі да папы рымскага і асабістых добрых стасункаў, кіраўнік беларускай дзяржавы палічыў магчымым пайсці насустрач просьбе папы рымскага і даць адпаведнае даручэнне знайсці рашэнне з улікам усіх існых прававых механізмаў”, — сказаў кіраўнік МЗС.

У той жа дзень апостальская нунцыятура ў Беларусі паведаміла пра атрыманне з “кампетэнтных дзяржаўных органаў” інфармацыю, што іерарх “не мае перашкодаў для вяртання на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”.

Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь напярэдадні Калядаў — 24 снежня. На наступны дзень Лукашэнка падчас наведвання дзіцячага інфекцыйнага шпіталя ў Мінску заявіў, што арцыбіскуп “ніякай небяспекі не ўяўляе”.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, наступная адстаўка Кандрусевіча была адной з умоў яго вяртання ў Беларусь.

Падзяліцца: