Мінск 06:21

На сёння Лукашэнка не грае ніякай ролі ў міжнароднай палітыцы — экс-міністр абароны Польшчы

Януш Анышкевіч
Крыніца: youtube.com/@UWpromocja

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 28 лютага 2024 года ў 20:00

28 лютага, Позірк. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ з Украінай афіцыйны Мінск стаў поўным расійскім сатэлітам і не дэманструе прыкмет незалежнасці ў сваіх дзеяннях. Такое меркаванне выказаў былы міністр абароны Польшчы Януш Анышкевіч на прэзентацыі кнігі “Беларусь у НАТО” 27 лютага ў Варшаве.

“Цяпер, у прынцыпе, [Аляксандр] Лукашэнка калі якую-небудзь ролю адыгрывае, гэта не міжнародная роля, гэта роля ў расійскай унутранай палітыцы — відавочным доказам гэтага было тое, якую ролю ён адыграў у путчы Прыгожына”, — заявіў Анышкевіч.

“Гэта проста чалавек, цалкам залежны ад Расіі. Адзінае, што яго хвалюе, — аднак, мець уладу. Быць такім намеснікам, — лічыць польскі экс-чыноўнік. — Адзінае тут слабое суцяшэнне, што для Лукашэнкі перспектыва поўнай інкарпарацыі Беларусі Расіяй цяжкая для прыняцця”.

Пры цяперашнім узроўні расійскага ваенна-палітычнага ўплыву патэнцыйная небяспека, якая зыходзіць з тэрыторыі Беларусі для Польшчы і Літвы, заключаецца ў яе блізкасці да Калінінградскай вобласці РФ, дадаў экс-міністр.

Разважаючы пра бяспеку ва Усходняй Еўропе, Анышкевіч выказаў меркаванне, што дэмакратычная Беларусь павінна ўваходзіць у НАТО і Еўрасаюз як з рацыянальна-псіхалагічнага (гістарычная блізкасць, геаграфічнае суседства), так і палітыка-стратэгічнага пункту гледжання.

“Беларусь у НАТО азначае, што яна перастае “вісець” над Украінай, якая, я глыбока перакананы, з гэтай канфрантацыі выйдзе як незалежная краіна. Хоць я не да канца ўпэўнены, якую будзе мець форму тэрыторыі — ці сапраўды ўдасца максімальная праграма аднаўлення ўсіх тэрыторый, якія ёй належаць”, — лічыць ён.

На думку Анышкевіча, у пытанні гіпатэтычнага членства ў блоку варта ўлічваць не толькі “фактар Расіі”, але і “фактар Захаду”: “У якой ступені Захад быў бы гатовы падтрымаць такога кшталту амбіцыі. Я хацеў бы нагадаць, што ў часы значна больш спакойныя, у 90-я гады пашырэнне НАТО на Польшчу зусім не было нечым відавочным. Расійская прапаганда ўвесь час кажа, што НАТО ўцягнула Польшчу, каб акружыць Расію. Няпраўда. <…> Нас там ніхто не чакаў”.

“Вялікай працы пераканання” патрабавала данясенне пазіцыі, што “без НАТО Польшча становіцца элементам вялікай гульні і нестабільнасці ў Еўропе”, сказаў аратар.

Таксама Анышкевіч звярнуў увагу на неабходнасць агульнанацыянальнай згоды пры ўступленні ў альянс: “І гэта не будзе ў Беларусі так ужо проста, калі звярнуць увагу, што большасць украінцаў пачала выказвацца за НАТО толькі пасля нападу Расіі”.

Януш Анышкевіч — доктар матэматычных навук, дзеяч антыкамуністычнай апазіцыі. У 1990 годзе стаў першым у гісторыі Польшчы грамадзянскім намеснікам міністра нацыянальнай абароны. Выбіраўся ў Сейм.

Узначальваў Мінабароны двойчы: у 1992–1993 і 1997–2000 гадах. У 1999 годзе пры яго ўдзеле краіна ўступіла ў НАТО.

З 2004 па 2009 год — дэпутат Еўрапейскага парламента. У 2007 годзе Анышкевіча, на той момант віцэ-старшыню ЕП, не ўпусцілі ў Беларусь. Ён меў намер выступіць на апазіцыйным мітынге. У 2018 годзе наведаў Мінск, дзе ўзяў удзел у экспертнай дыскусіі і сустрэўся з журналістамі.

Фота: europeanbelarus.org

Кніга “Беларусь у НАТО” выдадзена грамадскай кампаніяй “Еўрапейская Беларусь”. Гэта зборнік адмыслова напісаных артыкулаў еўрапейскіх і амерыканскіх экспертаў пра перспектывы ўзаемадзеяння краіны з альянсам пад рэдакцыяй палітыка Андрэя Саннікава.

Падзяліцца: